2009-09-26 11:39:33

У Менску з афіцыйным візітам знаходзіцца Патрыярх Кірыл


Пасьля сустрэчы ў Нацыянальным аэрапорце ён наведаў галоўны праваслаўны храм — катэдральны Сьвята-Духаў сабор. Прамаўляючы перад царкоўнымі герархамі і вернікамі, кіраўнік расейскай праваслаўнай царквы назваў Беларусь заходнім фарпостам праваслаўнай цывілізацыі.

Патрыярха Кірыла ў суправаджэньні беларускіх і расейскіх герархаў сустракалі духоўнымі сьпевамі, царкоўным звонам і прамовай мітрапаліта Філарэта. У Сьвята-Духавым саборы расейскі архіпастыр пакланіўся абразу Маці Божай Менскай. Падчас прамовы да паствы з храмавага ганку ён выказаў спадзяваньне на большы ўплыў расейскай праваслаўнай царквы ў Беларусі:
Белая Русь заўсёды займала асаблівае месца ў гісторыі ўсходняй праваслаўнай цывілізацыі “Белая Русь — адзіная арганічная частка сьвятой Русі. Белая Русь заўсёды займала асаблівае месца ў гісторыі ўсходняй праваслаўнай цывілізацыі. Яна была заходнім фарпостам. Дай Бог, каб і надалей духоўны і маральны ўплыў праваслаўнай царквы на беларускае грамадзтва ўзмацняўся”.


Патрыярх Кірыл таксама адзначыў, што гэта ягоны першы візыт у Беларусь, але спадзяецца, што не апошні. Гэтымі днямі ён таксама наведае Віцебск і Полацак.








All the contents on this site are copyrighted ©.