2009-09-18 13:37:21

Царква "Новае Жыцьцё" просіць дапамогі ў ААН


9 верасьня пратэстанцкая царква „Новае жыцьцё” зьвярнулася ў спэцыяльнае прадстаўніцтва па парушэньні правоў веруючых Камітэту па правах чалавека ААН. Улады Менску прыкладаюць усе намаганьні, каб высяліць царкву з будынка па вуліцы Кавалёва, 72.
„У звароце патлумачана сытуацыя вакол абшчыны й акцэнтуецца ўвага на незаконнасьць усіх судовых рашэньняў, вынесеных адносна царквы”, - заявіў юрыст Сяргей Луканін.
У лісьце вернікі адзначаюць, што вычарпалі ўсе судовыя магчымасьці краіны ў адстойваньні сваіх правоў, закладзеных „Пактам пра грамадзкія й палітычныя правы”, які падпісала Беларусь.
Сяргей Луканін падкрэсьліў, што спэцпрадстаўнік Камітэту па правах чалавека ААН можа загадаць кіраўніцтву Беларусі спыніць усе дзеяньні па справе царквы „Новае жыцьцё” да часу разгляду яе Камітэтам.
„Калі Камітэт пацьвердзіць парушэньне нашых правоў, то ўлады краіны будуць абавязаны іх аднавіць, а кіраўніцтва МВФ можа спыніць фінансаваньне Беларусі”, - зазначыў адвакат царквы „Новае жыцьцё” Сяргей Луканін








All the contents on this site are copyrighted ©.