2009-09-17 13:55:33

Аднаўленьне сужэнскіх абяцаньняў у Менску


12 верасня ў парафіяльнае свята мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейнай Панны Марыі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу, у якой удзельнічалі сужэнскія пары, што ў мінулым годзе прынялі сакрамэнт сужэнства ў гэтай святыні. Гэтай сустрэчай арганізатары жадалі яшчэ раз падкрэсліць значэнне і святасць сакрамэнту сужэнства і ўстаноўленага Богам адзінага і непарыўнага інстытуту сям’і, які з’яўляецца галоўнай ячэйкай грамадства.
У гаміліі Мітрапаліт Кандрусевіч нагадаў пра тое, што ў літургічным годзе ўзгадваюцца толькі два імёны — Езуса і Марыі. Ён нагадаў словы святога апостала Паўла, які казаў, што няма іншага імя акрамя Езуса, у якім мы будзем збаўленыя. Марыя ж у гімне Magnificat сказала, што яе будуць праслаўляць усе народы. Калі Майсей з’яўляецца правобразам Хрыста, то яго сястра, якая мела імя Мірыям, можа лічыцца правобразам Марыі.
«Гэтыя вельмі папулярныя імёны Ёзуэ і Мірыям (Езус і Марыя) былі нададзены Збаўцы і Яго Маці, асобам, якія знаходзіліся ў цэнтры гісторыі збаўлення — другому Адаму, заданнем якога было знішчыць галаву злога духа, і другой Еве, якая замест забароненага плоду дала чалавецтву благаслаўлёны плод свайго ўлоння — Езуса Хрыста. Таму імя Марыі ўшаноўваецца ў літургіі як і імя Езуса», — падкрэсліў арцыпастыр.
«Некалькі дзён таму мы адзначалі свята нараджэння Марыі. Як Марыя, так і Езус прыйшлі на гэты свет у сям’і. Сёння у мінскай катэдры сабраліся маладыя сем’і, каб падзякаваць Богу за дар сумеснага жыцця і папрасіць благаслаўлення на далейшае жыццё. Напэўна, сёння многія з вас (у адрозненні ад мінулага года) ужо іншымі вачыма глядзіце на сужэнства. У штодзённым жыцці неабходна пацвярджаць сваю любоў і адданасць іншай асобе. Трэба несці цяжкасці адно аднаго. Трэба вучыцца жыць разам і разам ісці наперад», — адзначыў Мітрапаліт.
Арцыпастыр пажадаў маладым сем’ям, нягледзячы на аб’ектыўныя і суб’ектыўныя цяжкасці ў будаванні сямейнай супольнасці, заўсёды давярацца Езусу.
Падчас святой Імшы адбылося аднаўленне сужэнскіх абяцанняў.








All the contents on this site are copyrighted ©.