2009-09-15 14:47:12

Рэкалекцыі наступніцы Маці Тэрэзы ў Тайвані


10–11 верасня 2009 г. у каталіцкім універсітэце ў Тайпеі (Тайвань) адбываліся рэкалекцыі, якія праводзіла першая наступніца Маці Тэрэзы з Калькуты, сястра Нірмала Джошы. У рэкалекцыях прынялі ўдзел 5 кардыналаў, 60 біскупаў і каля 400 іншых прадстаўнікоў Каталіцкага Касцёла з 29 краін Азіі.


Святы Айцец Бэнэдыкт XVI скіраваў да ўдзельнікаў рэкалекцый пасланне, у якім прывітаў усіх, хто вырашыў прысвяціць сваё жыццё служэнню любові і стаць своеасаблівым падмуркам Касцёла. Таксама Пантыфік пажадаў, каб рэкалекцыі ўзмацнілі супрацоўнікаў дабрачынных арганізацый Касцёла ва ўсіх цнотах і ўмацавалі іх еднасць з тымі, хто церпіць.


Арганізатарам мерапрыемства стала Папская рада «Cor Unum». Як паведамляе ватыканскае ведамства, рэкалекцыі сталі адказам на заклік Папы аб неабходнасці сур’ёзнай духоўнай падрыхтоўкі тых, хто працуе ў дабрачынных арганізацыях Касцёла. На думку Святога Айца, супрацоўнікі гэтых арганізацый павінны знаходзіцца ў глыбокай сувязі з Богам, каб дапамагаць тым, хто жыве ў нястачы. У дакуменце Папскай рады паведамляецца, што хрысціяне ўсяго свету разумеюць, што тыя, хто знаходзіцца ў нястачы, патрабуюць не толькі матэрыяльнай дапамогі, але таксама надзеі, якую можа даць толькі Хрыстус.










All the contents on this site are copyrighted ©.