2009-09-15 14:45:24

Арцыбіскуп Ілярыён адведае Ватыкан- пацьвярджэньне


Папская Рада да спраў Адзінства Хрысьціян пацьвердзіла візыт высокага прадстаўніка расійскага праваслаў”я ў Ватыкан. Арцыбіскуп Валакаломскі Ілярыён, які кіруе ў Маскоўскім Патрыярхаце Аддзяленьнем Вонкавых Царкоўных Адносінаў, будзе ў Рыме ў днях 15-20 верасьня. Як паінфармавана ў камунікаце ватыканскае ўстанове да спраў экумэнізму, “візыт будзе сьведчаньнем працягласьці добрых двухбаковых адносін, якія пацьвярджаюць мінулыя гады”. Арцыбіскуп Ілярыён сустрэнецца з Папам Бэнэдыктам 16-м, кардыналам Тарчыцыё Бэртонэ, з прадстаўнікамі Папскае Рады да Спраў Адзінства Хрысьціян, з Кангрэгацыі да спраў Усходніх Цэркваў ды Папскае Рады да спраў Культуры.
Гэта першы візыт новага кіраўніка Аддзяленьня Вонкавых Царкоўных Адносін Маскоўскага Патрыярхату ў Рым. Прадказваючы яго некалькі дзён таму назад арцыбіскуп Ілярыён паясьніў, што мэтаю візыту мае быць абмеркаваньне праблемаў, якія спалучаныя з дыялогам паміж абедзьвума Цэрквамі. Зазначыў пры гэтым, што двухбаковыя адносіны палепшыліся за часоў цяпершняга Рымскага Папы. Дагэтуль за дыялог з Ватыканам у Маскоўскім Патрыярхаце адказным быў мітрапаліт Кірыл- цяперашні кіраўнік рускага праваслаў”я. Як падккрэсьлена ў ватыканскім камунікаце, цяперашні візыт “пацьвердзіць прыязныя адносіны паміж абедзьвума Цэрквамі, якія прытрымліваюцца цьвёрдых асноў узаемнага зразуменьня і пашаны, ў пэрспэктыве больш шчыльнага супрацоўніцтва ў карысьць прысутнасьці Царквы і Касьцёла ў жыцьці народаў Эўропы і сьвету”.








All the contents on this site are copyrighted ©.