2009-09-05 11:40:26

Сьвятое Эвангэльле на ХХІІІ Нядзелю Году


І iзноў выйшаўшы з зямель Тырскiх i Сыдонскiх, пайшоў да мора Галiлейскага, пасярод Дзесяцiградзьдзя, i прывялi да яго глуханямога, ды прасiлi ўскласьцi на яго руку . i ўзяўшы яго ад народу, паклаў ён пальцы свае ў вушы яму i, плюнуўшы, дакрануўся да языка ягонага. I глянуўшы ў неба, уздыхнуў i сказаў яму: Эффафа, што знача “расчынiся”. I ўраз жа расчынiлiся вушы ягоныя i разьвязалiся путы языка ягонага i пачаў добра гаварыць. І загадаў iм не казаць нiкому. Але колькi не забараняў iм, яны яшчэ шырэй апавядалi i тым больш дзiвiлiся ды гаварылi: усё добра зрабiў: робiць, каб глухiя чулi i нямыя, каб гаварылi.

У Эвангельлi на гэтую нядзелю перад намi тэма, вельмi блiзкая эвангелiсту Марку, -- тэма маўчаньня, якому Хрыстус забавязвае аздароўленых ягонымi цудaмi, а таксама дэманаў. У нашым выпадку такi загад ён аддае глуханямому.
Якi сэнс у гэтым маўчаньнi, чаму яно?
Напэўна Марк бачыць у маўчаньнi, якое ахiнае Езуса, спосаб ягонай абароны супраць атачаючага яго непаразуменьня. Словы, якiя ён прамаўляе i дзеяньнi, якiя ён чынiць кепска тлумачацца. Узбуджаецца захапленьне ў народзе, але вельмi нацыяналiстычнае па духу. Езус не даверае такому зьнешнему i фанатычнаму ўзбуджэньню натоўпа.
Народ склаў даволi памылковую iдэю, кiм павiнен быў бы быць месiя. Дый для многiх iдэя гэта была неяснай i неадназначнай. З лiтаратуры, якая дайшла да нас з тых часоў, вiдаць, што розныя слаi грамадзтва бачылi па свойму Месiю, i чакалi ад яго рэчаў даволi адрозных. Фарысеi адрознiвалiся ў сваiх чаканьнях ад Эссэнаў, сьвятары ад палiтыкаў, адукаваныя асобы ад простага люду i гэтак далей. Але з адной рэччу пагаджалiся ўсе: Месiя павiнен быць палiтычным вызвалiцелем з-пад Рымскага панаваньня, з мэтай аднаўленьня магутнасьцi Ізраiльскай дзяржавы, як было за часоў караля Давiда.
Уяўляньне ж пра Месiю, якi пакутуе, церпiць i памiрае за грахi народу, замест гэтага народу, цалкам не адпавядала агульнаму месiянскаму чаканьню, i таму Езус абсалютна не мог абвясьцiць сябе Месiяй i не выклiкаць агульнага непаразуменьня ў стасунку да свайго пасланьнiцтва.
Але маўчаньне, якога патрабуе Езус мае матыў яшчэ больш глыбокi. Маецца на ўвазе дакладнае жаданьне Езуса не столькi схавацца, -- што было немагчымым i напэўна не было ў ягонай iнтэнцыi – сколькi ягоны недавер у адносiнах да лёгкiх захапленьняў натоўпу i нават вучняў, гатовых уразiцца пэўнымi сенсацыйнымi фактамi, але закрытых на таямнiцу пакуты, вырачэньня самiх сябе, на таямнiцу крыжа.
Людзi, якiя зараз шукаюць яго з такой амаль з шалёнай раз’юшанасьцю, цi будуць яны гатовыя сьледваць за iм на крыж?
Для Марка месыянскi сакрэт Езуса быў адкрыты толькi на крыжы i ў таямнiцы Уваскрасеньня; на крыжы, перш за ўсё, той, хто сьледуе за iм па-сапраўднаму, можа зразумець словы “Хто хоча iсьцi ўсьлед за мною, вырачыся з самога сябе, вазьмi свой крыж...”, i таму самыя слушныя выкрыкi, зробленыя дэманамi, выходзячыя з апантаных хворых, зробленыя самiмi аздароўленымi, цi ягонымi вучнямi – усё гэта недарэчна. Толькi шлях Езуса ў кiрунку крыжа зробiць магчымым сьледваньне за iм, больш таго, яно запатрабуе безумоўнага адданьня. Толькi ўваскрасеньне магло асьвятлiць гульню сьвятла i ценяў папярэдняга прапаведваньня. Толькi тады Сын Чалавечы адкрыў сакрэт сваёй сапраўднай магутнасьцi.
Натоўпы не маглi зразумець сэнс Богазьяўленьня: разуменьне словаў i дзеяньняў Езуса, дадзена сёньня Царкве, для якой i было напiсана гэтае апавяданьне як абвяшчэньне Добрай Навiны. I сам Марк пачынае тлумачыць гэта, калi пасьля апавяданьня пра перамяненьне Пана, дадае: “ У той час, як зыходзiлi з гары, Езус забаранiў iм гаварыць нешта некаму, ажно Сын Чалавечы паўстане з памёрлых. І яны захоўвалi гэтыя рэчы ў сабе, пытаючыся ў сабе, што гэта значыць паўстаць з мёртвых”.
Эвангелiста адрозьнiвае час дзейнасьцi Езуса ад часу яго ўваскрасеньня. Гэтае адрозьненьне адносiцца не толькi да факту Перамяненьня, але да ўсёй таямнiцы Хрыста. Таму абавязак маўчаньня мае на ўвазе найвышэйшае Богазьяўленьне, якое адбудзецца пасьля Ўваскрасеньня i таму ўсё Эвангельле ад Марка набывае форму павольнага, але няўхiльнага Аб’яўленьня Езуса.
Другi элемент, якi вынiкае з гэтай старонкi эвангельля – высьпяваньне пасланьнiцкага iдэала Хрыста. Уся першая частка Эвангельля ад Марка апiсвае апостальскую дзейнасьць Езуса у разьвiцьцi: спачатку, -- напрацягу першых дзён ягонага служэньня, калi ён пайшоў у Юдэю, каб стацца вучнем Яна Хрысьцiцеля. Але вельмi хутка адбываецца вельмi важны пераварот у ягоным жыцьцi: ён не хоча быць як Хрысьцiцель, рабiнам, да якога прыходзяць натоўпы, але стаецца рабiнам вандруючым, якi выходзiць насустрач людзям , i менавiта да найбольш убогiх, тых, што ў Галiлеi. Езус узыходзiць у Галiлею i распачынае сваю дзейнасьць з Капэрнаума. Тут да яго увесь час прыносяць хворых, увесь горад не дае яму праходу. Езус адмаўляецца i ад гэтага посьпеху, поўнага неакрэсьленнасьцi, i адыходзiць, iдзе да найблiжэйшых паселiшчаў. Сталее ягоны пасьланьнiцкi iдэал. Рашэньнi гэтага тыпу Езус прыймае толькi ў пошуку выкананьня Божай волi i дзякуючы малiтве, якая дасканалiць у iм ягоную сьвядомасьць пiлiгрыма-вандроўнiка без адпачынку, паклiканага выйсьцi насустрач убогiм i галечным, роспачным у целе i ў духу. Ён прыйшоў, каб наноў прынесьцi надзею тым, хто пакутуе.
Марк, такiм чынам акрэсьлiвае асаблiвы аспект постацi Хрыста: Езус аздараўляе чалавека, прыймаючы на сябе ягоны цяжар слабасьцi i пакуты, i прыймае яго на сябе ва ўсёй сваёй поўнi, i адкрывае гэтаму чалавеку слых, надае яму голас—рэчы якiя, адносяцца да ягонага фiзiчнага стану, але ж яны адносяцца таксама i да ягонай духоўнасьцi --- да магчымасьцi слухаць Слова Божае. Толькi захад Хрыста мог аздаравiць чалавека ад ягонай замкнутасьцi на Бога.
Калi прарокi апiсвалi надыход Божага Валадарства яны прадбачылi аздараўленьнi з усiх тыпаў хваробаў. I таму цудоўныя ацаленьнi, зьдзейсьненыя Езусам зьяўляюцца знакам, што часы Божага Валадарства насталi, Бог пасярод нас, i нават калi мы пры зямным жыцьцi яшчэ знаходзiмся пад цяжарам хваробаў i сьмерцi, мы больш не зьяўляемся iх нявольнiкамi, таму што перамога над болем i сьмерцю была атрымана Езусам, канчаткова. Уваскрасеньне Хрыста адзначае нашае жыцьцё знакам надзеi, бо таксама i ў нашым целе праявiцца перамога Хрыста.








All the contents on this site are copyrighted ©.