У Менску ўшанавалі памяць ахвяр Другой Сусьветнай Вайны
1 верасьня ў Менску на Вайсковых могілках адбылося памінаньне ахвяр Другой сусьветнай
вайны, паведамляе БелаПАН. У ім узялі ўдзел прыкладна 40 грамадзка-палітычных дзеячаў,
прадстаўнікоў культуры й мастацтва, а таксама дыпляматы Вугоршчыны, Летувы, Польшчы
і Ўкраіны. Сьвятар Леанід Акаловіч адслужыў набажэнства ў памяць аб беларусах,
якія загінулі за свабоду й незалежнасьць краіны ў гады сталінізму й Другой сусьветнай
вайны на тэрыторыі Беларусі й за яе межамі, у тым ліку ў лягерах ГУЛАГа, нацысцкіх
канцлягерах, на франтах, у акупацыі й эміграцыі. Удзельнікі памінаньня ўсклалі
кветкі зь бел-чырвона-белымі стужачкамі й запалілі лямпады каля брацкай магілы савецкіх
воінаў, якія загінулі ў баях за вызваленьне Менска ад нацыстаў у ліпені 1944 году,
каля магіл народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы й Якуба Коласа, а затым ушанавалі
іх памяць хвілінай маўчаньня.