2009-09-03 14:15:01

Германія: Цэрквы і алімпійскі камітэт заклікаюць да барацьбы з прыманьнем допінгу


Дзве вядучыя Царквы ў Германіі, а таксама Алімпійскі камітэт Германіі (DOSB) у супольным дакуменце, абнародаваным у Франкфурт-на-Майне, заклікаюць да рашучай барацьбы з допінгам. Усялякія парушэнні здаровага спартыўнага спаборніцтва, як адзначана, неабходна паслядоўна асуджаць і караць.
Адначасова ў дакуменце падкрэсліваецца, што кожны чалавек мае права прымаць удзел у сацыяльным жыцці, незалежна ад свайго паходжання, светапогляду і рэлігіі. Такім чынам аўтары асуджаюць усялякія формы размежавання і дыскрымінацыі. Як Цэрквы, так і алімпійскі камітэт крытыкуюць «нарастаючую камерцыялізацыю нядзелі».
«Цэрквы і спорт выказваюцца за захаванне нядзелі днём вольным ад працы, — чытаем у дакуменце, — днём, які прызначаны для наведвання Касцёла, для адпачынку і спорту». Аўтары дакумента, між іншым, настойваюць, каб урокі рэлігіі і спорту былі абавязковымі прадметамі ва ўсіх школах.
Падкрэсліваецца таксама, што Цэрквы і спартыўныя арганізацыі адчуваюць адказнасць за тое, каб — асабліва ў наш няпэўны час — для людзей была створана прастора, напоўненая кліматам даверу і бяспекі, у якой можна свабодна сябе рэалізоўваць.
Дакумент быў падрыхтаваны 21 жніўня 2009 г. у Франкфурце падчас сустрэчы кіраўнікоў Каталіцкага Касцёла і Евангельскай Царквы ў Германіі, а таксама Алімпійскага камітэта Германіі.








All the contents on this site are copyrighted ©.