У Менску пройдзе Міжнародны фэстываль тэатральнага мастацтва "Панарама"
Ад 7 па 31 кастрычніка ў беларускай сталіцы пройдзе Міжнародны фэстываль тэатральнага
мастацтва “Панарама”. У імпрэзе, апрача беларускіх артыстаў, возьмуць удзел тэатральныя
трупы зь Летувы, Латвіі, Расеі, Швайцарыі, Польшчы, Эстоніі, Вэнэсуэлы й Італіі. Адчыніць фэст праграма найлепшых спэктакляў беларускіх тэатраў. У яе ўвойдзе “Пінская
шляхта” В. Дуніна-Марцінкевіча, “Вясельле” А. Чэхава, “Бег” М. Булгакава ды іншыя
пастаноўкі. Міжнародную праграму прадставяць лепшыя тэатральныя працы апошніх
гадоў, між іншым, тэатар “Пікала дэ Мілана” й швайцарскі Schauspielhaus Zurich. У
рамках фэстывалю плянуецца правядзеньне тэатральных варштатаў, творчых сустрэч з акторамі,
драматургамі й мастакамі, выставы, сэмінары й канфэрэнцыі. Арганізатарамі фэстывалю
“Панарама” зьяўляюцца Міністэрства культуры Беларусі, Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт
і Нацыянальны акадэмічны тэатар імя Янкі Купалы. Фэст быў заснаваны ў 2004 годзе,
ягоны лёзунг “Тэатар бязь межаў”.