2009-07-27 14:23:40

Малітоўная сустрэча моладзі ў Івянцы --2009


З 24 па 26 ліпеня 2009 г. у мястэчку Івянец Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі адбылася малітоўная моладзевая сустрэча, ужо другая па ліку, прызваная стаць добрай штогадовай традыцыяй у жыцці Каталіцкага Касцёла на Беларусі. Праграма мерапрыемстваў, запланаваных сёлета ў рамках сустрэчы, мела свае адметнасці, звязаныя з падзеямі, якія перажываюць у гэтым годзе католікі Беларусі.
Сімвалічным распачаццем малітоўных мерапрыемстваў ў Івянцы стала сустрэча духавенствам, законнікамі і законніцамі, моладдзю абраза Езуса Міласэрнага і рэліквій благаслаўлёнага ксяндза Міхала Сапоцькі, якія ў гэтыя дні былі прывезеныя ў івянецкую парафію святога Міхала Арханёла.
Адразу пасля афіцыйнага адкрыцця малітоўнай моладзевай сустрэчы ў Івянцы, якое аб’явіў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, распачаліся катэхезы для моладзі, падрыхтаваныя з улікам агульнай тэматыкі сустрэчы ― евангелізацыі. Катэхезы праводзілі a. Аляксандр Яшэўскі SDB (катэхеза на тэму «Хрост») і a. Аляксандр Шамрыцкі MIC (катэхеза на тэму «Канфірмацыя»). Праслухаўшы кожнага выступоўцу, маладыя людзі маглі задаваць свае пытанні, якія ўзніклі падчас катэхезы.
З 18.00 гадзінаў вечара ўдзельнікі малітоўнай сустрэчы мелі час на вячэру, адпачынак і падрыхтоўку да святой Імшы, якая распачалася ў 20.00. Цэлебрацыю Літургіі ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Звяртаючыся да аднаўлення абяцанняў хросту, якое адбывалася пасля набжэнства, арцыпастыр нагадаў, што, перш за ўсё, гэты абрад сімвалізуе пераход ад «грахоўнай няволі да свабоды дзяцей Божых».

25 ліпеня ў 23.30 на пляцоўцы побач са святыняй івянецкай парафіі святога Міхала Арханёла распачаўся абрад аднаўлення абяцанняў хросту, які прызваны нагадаць кожнаму прысутнаму пра тое, што ён з’яўляецца дзіцём Божым. Хутка пляцоўка асвяцілася агеньчыкамі ад запаленых свечак, што стала сведчаннем палымянай веры сотняў маладых людзей, якія на працягу гэтых дзён трывалі на супольнай малітве ў Івянцы.
Пасля завяршэння абраду Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, святары, законнікі і законніцы, прысутная моладзь ва ўрачыстай працэсіі накіраваліся да святыні, дзе малітоўныя мерапрыемствы працягнуліся Адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту і начным чуваннем.

На наступны дзень, 26 ліпеня, у 8.00 распачаліся Гадзінкі аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі. А потым пачалася падрыхтоўка да галоўнай святой Імшы, якая павінна стаць урачыстым фінальным акордам двухдзённай малітоўнай сустрэчы моладзі ў Івянцы.
Мітрапаліт Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы, якая стала своеасаблівым падсумаваннем праведзенага разам часу на малітве і чуванні, а таксама апошнім момантам перэгрынацыі абраза Езуса Міласэрнага і рэліквій благаслаўлёнага кс. Міхала Сапоцькі. Падчас набажэнства арцыбіскуп Кандрусевіч і біскуп Дзям’янка ўдзялілі многім з прысутных вернікаў сакрамэнт канфірмацыі. Перад завяршэннем святой Імшы адбыўся акт даручэння моладзі Божай міласэрнасці, пасля чаго ўдзельнікі набажэнства развіталіся з абразом Езуса Міласэрнага і рэліквіямі благаслаўлёнага кс. Міхала Сапоцькі.
Напрыканцы святой Імшы Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў усім, хто прычыніўся да арганізацыі другой малітоўнай сустрэчы моладзі ў Івянцы. Асабліва Мітрапаліт падзякаваў моладзі за іх прысутнасць на гэтых мерапрыемствах, за іх супольную малітву і радасны настрой. Ён заклікаў маладых людзей заставацца непахіснымі ў сваёй веры, заўсёды памятаць пра тое, што ўсе мы з’яўляемся дзецьмі Божымі і можам у кожную хвіліну жыцця разлічваць на Яго падтрымку і дапамогу, чэрпаць з бязмежнай крыніцы Яго міласэрнасці.
Паводле Catholic.by







All the contents on this site are copyrighted ©.