2009-07-25 10:15:19

Разбурылі гістарычнае прадмесьце ў Пінску, дзе нарадзіліся кіраўнікі Ізраілю


Каб пабудаваць карпусы Палескаму дзяржаўнаму ўнівэрсытэту, разбурылі частку гістарычнага габрэйскага прадмесьця Каралін, дзе нарадзіліся, жылі і вучыліся першы прэзыдэнт Ізраілю Хаім Вэйцман, прэм’ер-міністар Голда Мэір, іншыя славутыя людзі. Пра гэта паведаміў БелаПАН старшыня Пінскай габрэйскай абшчыны Іосіф Лібэрман. Ён нагадаў, што ў 1690 годзе пінскі стараста Ян Караль Дольскі заснаваў пад горадам прадмесьце Каралін, куды запрасіў жыць заможных габрэяў. З часам у Караліне зьявіліся сынагогі, юдэйскія навучальныя ўстановы, майстэрні й крамы. У прадмесьці нарадзіліся, жылі й вучылісяпершы прэзыдэнт Ізраілю Хаім Вэйцман, прэм’ер-міністар Ізраілю Голда Мэір, нобэлеўскі ляўрэат па эканоміцы Сайман Кузьнец, трэнэр чэмпіёна сьвету па шахматах Анатоля Карпава Сямён Фурман, продкі аднаго з заснавальнікаў кампаніі Microsoft Стыва Балмара Каралін; паводле спадара Лібэрмана, гэта ёсьць сьвятыняй для габрэяў-хасыдаў, бо тут у XVIII стагодзьдзі ўзьнікла гэтая плынь юдаізму. У савецкія часы плошча прадмесьця прыкметна скарацілася, ад яго засталося ўсяго шэсьць кварталаў мураваных і драўляных жылых дамоў, якія,аднак, захавалі нацыянальны характар забудовы Караліна XIX-XX стагодзьдзяў з уласцівым яму габрэйскім духам.
Сёлета вясной прадстаўнікі грамадзкасьці прапанавалі ўпраўленьню па ахове гісторыка-культурнай спадчыны й рэстаўрацыі Міністэрства культуры надаць Караліну статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Зь Пінскага гарвыканкаму адказалі, што работы па зносе будынкаў вядуцца згодна з указаньнем кіраўніка дзяржавы па будаўніцтве ў горадзе карпусоў Палескага ўнівэрсытэту.








All the contents on this site are copyrighted ©.