2009-07-22 13:05:13

27 ліпеня пачынаецца візіт Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірылы на Ўкраіну.


Як прадугледжвае праграма, да 5 жніўня высокі Маскоўскі госць наведае 10 гарадоў, у старажытных храмах якіх адбудуцца Боскія літургіі, малебны і начныя чуванні. Многія падзеі будуць мець прамыя трансляцыі, аб чым можна даведвацца з праграм перадач розных СМІ. Гэтак, у панядзелак, 27 зрана пройдзе малебен на Ўладзімірскай горцы ў Кіеве, а ўжо апаўдні - урачыстае адкрыццё Свяшчэннага Сыноду РПЦ. У гэты ж дзень Патрыярх Кірыл наведае помнік ахвярам Галадамору і ўскладзе вянкі. Таксама прадугледжана шанаванне загінуўшых з ускладаннем кветак да помніку Славы. Вечарам на плошчы перад Успенскім саборам Кіева-Пячэрскай Лаўры пачнецца ўсенашнае чуванне.
Аўторак будзе прысвечаны памяці роўнаапостальнага вялікага князя Уладзіміра (Краснае Солнышка, які ахрысціў Кіеўскую Русь). Прамая трансляцыя дазволіць сачыць і ўдзельнічаць у Боскай Літургіі на плошчы перад Успенскім саборам Лаўры. Потым адбудзецца Хросны ход да Дальніх Пячораў, дзе мае быць пабудаваны Катэдральны сабор. У сераду кіраўнік РПЦ сустрэнецца з архіярэямі, духавенствам, манахамі і свецкімі, выкладчыкамі і студэнтамі духоўных устаноў ў Трапезным храме Кіева-Пячэрскай Лаўры.
У чацвер Патрыярх Кірыл пераедзе ў Данецк, дзе адправіць Святую Літургію ў Святагорскай лаўры. Ён узначаліць Хросны ход да горада Горлаўкі, які будзе транслявацца па тэлебачанні. У пятніцу адбудзецца малебен ва Ўспенскім саборы Свята-Нікольскага Васільеўскага манастыра. У суботу патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі прынясе свята ў Сімферопаль. Наведае будоўлю кафедральнага сабору, асвяціць крыжы.
У нядзелю, 2 жніўня Патр. Кірыл ужо будзе ў Севастопалі. Ён адслужыць Боскую Літургію ў свята-Уладзімірскім саборы Херсонеса, якая будзе перадавацца ў прамой трансляцыі. Напрацягу дня пройдзе некалькі мерапрыемстваў, сярод якіх - урачыстасці і ўскладанне кветак на плошчы ім.Нахімава. У панядзелак Патрыярх Маскоўскі наведае Свята-Нікалаеўскі Гарадоцкі манастыр, кафедральены сабор Луцка і правядзе шэраг сустрэч. У аўторак, 4 жніўня дзень пройдзе ў гораде Уладзімір-Валынскім. У Пачаеўскай Лаўры, у саборы пройдзе Ўсенашнае чуванне. У апошні дзень візіту, як значыцца ў праграме, Свяцейшы патрыярх Кірыл адправіць Боскую літургію на плошчы Пачаеўскай Лаўры. Будзе весціся прамая радыё- і тэлетрансляцыя. 5 жніўня Патрыярх Кірыл вернецца да сябе ў Маскву.










All the contents on this site are copyrighted ©.