2009-07-14 14:01:45

Партрэты Радзівілаў вернуцца ў Беларусь


У Горадні адбылося паседжаньне Беларуска-польскай кансультацыйнай камісіі па пытаньнях гісторыка-культурніцкай спадчыны.
На павестцы дня былі пытаньні, зьвязаныя з рэстаўрацыяй Нясьвіскага замку, супольнага выкарыстаньня Аўгустоўскага каналу, а таксама магчымасьць рэстытуцыі Лаўрышаўскага Эвангельля, якое захоўваецца цяпер у Кракаве ў зборах музэю Чартарыскіх
У паседжаньні, якое адбылося ў авальнай залі Новага замку, прымалі ўдзел віцэ-міністры культуры Польшчы Томаш Мэрта й Беларусі Ўладзімер Грыдзюшка, а таксама польскі амбасадар Генрык Літвін.
Віцэ-міністар культуры й нацыянальнай спадчыны Польшчы Томаш Мэрта паведаміў, што ўжо зроблены электронныя копіі партрэтаў прадстаўнікоў роду Радзівілаў зь Нясьвіскай калекцыі, якія патрапяць з Польшчы ў Беларусь да канца ліспапада бягучага году.
48 партэтаў, якія ў 1953 годзе ўрад БССР перадаў бясплатна ў Польшчу, сёньня знаходзяцца ў зборах Нацыянальнага музэю ў Варшаве.
У сваю чаргу намесьнік міністра культуры Беларусі Ўладзімер Грыдзюшка паведаміў аб тым, што абмяркоўваецца пытаньне перадачы пад дэпазыт музэю ў Нясьвіжы двух партрэтаў і двух прадметаў радзівілаўскага сталовага посуду. Агулам беларускі бок просіць разгледзець магчымасьць выкананьня копіяў 80-ці партэртаў Радзівілаў зь Нясьвіскай калекцыі, а таксама партрэтаў уладальнікаў Мірскага замку ды копіяў мэблі й прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, створаных на тэрыторыі ВКЛ.








All the contents on this site are copyrighted ©.