Біскупская хіратонія Ўладыкі Крыштафа Ніткевіча адбылася ў горадзе Сандўмеж у Польшчы
4 ліпеня 2009 году
Хіратонію ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Польшчы архібіскуп Юзэф Кавальчык у саслужэньні
Мітрапаліта Гданьскага архібіскупа Славоя Лешэка Глудзя і Мітрапаліта Люблінскага
архібіскупа Юзэфа Жыцінскага. На хіратоніі прысутнічалі 38 ярархаў.
З Беларусі на хіратонію прыбылі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
і Архімандрыт Сяргей (Гаек), Апостальскі Візітатар БГКЦ. У гаміліі Мітрапаліт
гданьскі Славой Лешэк Глудзь падкрэсьліў, што біскуп, паводле Божай пастановы, зьяўляецца
сапраўдным наступнікам апосталаў, і назваў яго чарговым ”лаўцом людзей”. Пасьля, характарызуючы
асяроддзе, з якога паходзіць біскуп-намінат, назваў асаблівым яго знакам Маці Міласэрнасьці,
якая ”у Віленскай Вострай Браме сьвеціць і вядзе людзей той зямлі да Хрыста”. З Беластоку
таксама паходзіў а. Міхал Сапоцька, апостал праўды пра Божую Міласэрнасьць, пастулятарам
якога ў беатыфікацыйным працэсе быў а. Крыштаф Ніткевіч. Біскуп Крыштаф
Ніткевіч нарадзіўся 17 ліпеня 1960 году ў Беластоку. Сьвятарскія сьвячаньні атрымаў
19 чэрвеня 1985 году з рук біскупа Эдварда Кіселя, Апостальскага Адміністратара архідыяцэзіі
ў Беластоку. З 1992 году працаваў у Ватыканскай Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў, дзе,
між іншым, займаўся справамі Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы. У 2002 годзе стаўся
падсакратаром гэтай Кангрэгацыі. Мансіньёр Крыштаф Ніткевіч быў таксама рэктарам (настаяцелем)
армянскага храма сьв. Ўласа (Блажэя) у Рыме і пастулятарам у беатыфікацыйным працэсе
а. Міхала Сапоцькі, які ў мінулым годзе быў абвешчаны Блаславёным.