2009-07-02 12:39:26

Amnesty International: Улады Беларусі працягваюць парушаць асноўныя правы чалавека


Міжнародная арганізацыя Amnesty International апублікавала штогадовую справаздачу аб становішчы з правамі чалавека ў свеце за 2008 год. У дакладзе гаворыцца, што ў Беларусі парушаюцца правы грамадзян на свабоду слова, свабоду сходаў, а таксама захоўваюцца смяротныя пакаранні.
У раздзеле, прысвечаным Беларусі, адзначаецца ціск уладаў на грамадзянскую супольнасць, узмацненне дзяржаўнага кантролю над СМІ, абмежаванне свабоды дэманстрацый ды юрыдычны пераслед апазіцыйных актывістаў. Справаздача адначасова адзначае факт вызвалення палітычных вязняў у краіне і адмену санкцый супраць беларускіх чыноўнікаў з боку Еўразвязу.
Amnesty International прыгадвае ў сваёй справаздачы дэманстрацыі пратэсту супраць палітыкі ўладаў у дачыненні да дробнага бізнэсу ў студзені і лютым летась, якія закончыліся затрыманнямі больш 40 асобаў ды турэмнымі прысудамі для Андрэя Кіма і Сяргея Парсюкевіча. Таксама згадваецца жорсткі разгон дэманстрацыі на Дзень Волі ды затрыманне каля 100 актывістаў апазіцыі.
Эксперты арганізацыі адзначаюць, што у Беларусі у 2008 годзе павялічыўся дзяржаўны кантроль над СМІ і па-ранейшаму працягваўся ціск на незалежныя СМІ. У якасці прыкладу прыводзіцца падпісаны прэзідэнтам Лукашэка ў жніўні 2008 закон аб СМІ, які ўступіў у сілу ў пачатку 2009 года. Па меркаванні экспертаў Беларускай асацыяцыі журналістаў, гэты дакумент яшчэ больш абмяжоўвае свабоду слова і пагаршае ўмовы працы журналістаў.У справаздачы падкрэсліваецца абмежавальны характар прынятага закону, што тычыцца правілаў адносна фінансавання выданняў і іх рэгістрацыі, а таксама тое, што спрашчаецца працэдура забароны выдання.
Amnesty International адзначае як станоўчы крок вызваленне з турмы пяці асобаў, якія лічыліся вязнямі сумлення ў мінулым годзе: Андрэя Кіма, Сяргея Парсюкевіча, Аляксандра Здзвіжкова, Зміцера Дашкевіча і Аляксандра Казуліна.
У справаздачы адзначаецца таксама, што ў Беларусі ў мінулым годзе ўлады працягвалі выконваць смяротныя прысуды: паводле паведамленняў СМІ, летась у Беларусі былі выкананыя чатыры смяротныя пакаранні, а паводле афіцыйнай версіі — адно.








All the contents on this site are copyrighted ©.