Паведамленьне ККББ да ўсіх сьвятароў на Беларусі з нагоды "Года Сьвятарства"
Дарагія браты ў святарстве! У адпаведнасці з рашэннем Святога Айца
Бэнэдыкта XVI, 19 чэрвеня 2009 года ў паўсюдным Касцёле распачнецца Год святарства,
дэвіз якога — «Вернасць Хрыста, вернасць святара». Ён будзе ўрачыста распачаты падчас
Нешпараў урачыстасці Найсвяцейшага Сэрца Езуса. У Рым прыбудуць рэліквіі святога Яна
Марыі Віянэя, які ў Год святарства будзе абвешчаны апекуном усіх святароў у свеце.
Запланавана таксама публікацыя зборніка выказванняў Святога Айца на тэму жыцця і місіі
святароў у наш час. Рыхтуючыся да гэтых падзеяў, мы жадаем нанава асэнсаваць велізарную
ролю святароў у фармаванні рэлігійнага і грамадскага жыцця. Аднак выкананне гэтага
задання залежыць ад духоўнай дасканаласці святара, ад яго асабістай святасці. Менавіта
з гэтага павінны браць пачатак усе іншыя яго справы і дзеянні. Асабліва таму, што
сучасны свет часта зводзіць людзей на аблудныя шляхі. На жаль, некаторыя святары таксама
даюць сябе звесці. Таму мы далучаемся да словаў Слугі Божага Яна Паўла ІІ і настойліва
просім усіх вас, дарагія браты ў святарстве: «Падобна да Езуса, <святар> павінен адмовіцца
ад усялякай палітычнай дзейнасці, асабліва тады — а гэта амаль заўсёды непазбежна,
— калі гэтая палітыка мае прадузяты характар, каб заставацца чалавекам для ўсіх на
падставе братэрства, а таксама, калі гэта будзе прынята, духоўнага айцоўства» (Генеральная
аўдыенцыя, 28 ліпеня 1993 г.). Таксама і Кангрэгацыя па справах духавенства выразна
падкрэслівае, што «святар, з’яўляючыся служыцелем Касцёла, які з прычыны сваёй універсальнасці
і каталіцкасці не можа звязвацца з аніякімі гістарычнымі абставінамі, павінен стаяць
вышэй за любыя палітычныя прыхільнасці» (Дырэкторый пра служэнне і жыццё святароў,
33). Папа Бэнэдыкт XVI даносіць да духавенства думку, што «вернікі чакаюць ад святароў
толькі аднаго: каб яны былі спецыялістамі ў галіне сустрэчы чалавека з Богам. Ад святара
не патрабуецца, каб ён быў прафесіяналам у эканамічных, будаўнічых ці палітычных справах.
Ад яго чакаюць толькі аднаго — а менавіта, каб ён быў прафесіяналам у сферы духоўнага
жыцця» (Прамова ў варшаўскай катэдры, 25 мая 2006 г.). Настойліва заахвочваем усіх
вас няспынна звяртацца да вытокаў і быць з Хрыстом. Пакліканне да святарства і сакрамэнтальнага
жыцця — гэта незвычайны Божы дар, што з’яўляецца праяваю вялікага плана Любові і Збаўлення,
які Бог мае для кожнага чалавека і для ўсяго чалавецтва. Святы Павел, якога мы
асаблівым чынам узгадваем у Год, прысвечаны яму, так піша ў Пасланні да Эфесцаў: «Благаслаўлёны
Бог і Айцец Пана нашага Езуса Хрыста, які благаславіў нас у Хрысце ўсялякім духоўным
благаслаўленнем на нябёсах, бо Ён выбраў нас у Ім перад стварэннем свету, каб мы былі
святымі і беззаганнымі перад Ім у любові» (Эф 1, 3–4). Дарагія браты ў святарстве,
не паддавайцеся страху перад абліччам цяжкасцяў ці сумненняў. Памятайце пра вашае
галоўнае заданне, даверанае вам Хрыстом — навучаць народы, і не дайце звесці сябе
на аблудныя шляхі! Майце давер да Бога і верна ідзіце за Езусам, і так станеце
сведкамі радасці, што струменіць з блізкай еднасці са Збаўцам.
Ад усяго
сэрца благаслаўляем усіх вас і тых, каму вы служыце. Каталіцкія біскупы Беларусі