2009-06-24 14:12:12

Адноўлены крыж Еўфрасінні Полацкай павінен прыбыць у Менск 26 ці 27 чэрвеня


Адноўлены крыж Ефрасінні Полацкай, які нясуць удзельнікі хрэснага ходу па прыгранічных раёнах Беларусі, 26 ці 27 чэрвеня павінен прыбыць у Мінск.
Хрэсны ход па прыгранічных раёнах пачаўся 14 чэрвеня. Гэтую акцыю Дзяржаўны пагранкамітэт прымеркаваў да 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Дню памяці ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны і 25-годдзю заснавання Сабора беларускіх святых.
Як паведаміў БелаПАН святар Полацкай епархіі Аляксандр Шаховіч, у хрэсным ходзе бяруць удзел ваеннаслужачыя і звычайныя грамадзяне. Нейкую частку шляху крыж нясуць на руках, недзе — вязуць на машыне або перапраўляюць на верталёце. Паводле яго слоў, за захаванасць крыжа адказваюць ваеннаслужачыя, якія "з вялікай адказнасцю ставяцца да гэтага".
Цяпер хрэсны ход прыбыў у Смаргонскі пагранічны атрад у Гродзенскай вобласці. Дагэтуль ён пабываў у Верхнядзвінску, мястэчку Опса Браслаўскага раёна, Паставах, вёсцы Гудагай Астравецкага раёна, Ашмянах. Пасля Смаргоні хрэсны ход пройдзе праз Ліду, Гродна, Мінск, Брэст, Пінск і Гомель. "Па шляху крыжа ў храмах праходзяць малебны, і да святыні могуць прыкласціся ўсе, хто пажадае", — зазначыў святар.
Варта зазначыць, што копія крыжа Ефрасінні Полацкай, створаная беларускім мастаком Мікалаем Кузьмічом, упершыню пакінула Спаса-Праабражэнскі сабор полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага жаночага манастыра.
Крыж Ефрасінні Полацкай — унікальны твор старабеларускага эмальернага мастацтва, помнік пісьменства XII стагоддзя. Выраблены ў 1161 годзе полацкім ювелірам Лазарам Богшам на замову прападобнай Ефрасінні, ігуменні Полацкай, як каўчэг для захавання хрысціянскіх рэліквій.
Шасціканцовы крыж вышынёй 51,8 см быў выкананы з кіпарысавага дрэва, зверху і знізу пакрыты 21 залатой пласцінкай з каштоўнымі камянямі, арнаментам і 20 сярэбранымі пазалочанымі пласцінкамі.
На верхніх канцах крыжа — выявы Ісуса Хрыста, Божай Маці, Іаана Прадцечы. У цэнтры ніжняга перакрыжавання — чатыры евангелісты, на канцах — архангелы Міхаіл і Гаўрыіл. Унізе — нябесныя заступнікі Ефрасінні Полацкай і яе бацькоў: святая Ефрасіння Александрыйская, святы велікамучанік Георгій і святая Сафія. На адваротным баку крыжа — абразы святога Іаана Златавуста, святога Васіля Вялікага, святога Рыгора Назіянзіна (Багаслова), апосталаў Пятра і Паўла, святога Стэфана, святога Дзімітрыя, святога Панцеляймона. Над кожным абразком часткова грэчаскімі, часткова славянскімі літарамі зроблены надпісы.








All the contents on this site are copyrighted ©.