2009-06-23 14:36:07

Юбілей Апостальскага Візітатара БГКЦ


23 чэрвеня 2009 году Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек) адзначае 35-годдзе свайго сьвятарства. Сёлета таксама ў яго 60-гадовы юбілей.
Архімандрыт Сяргей (Гаек) – доктар багаслоўя, доктар Усходніх царкоўных навук, член-карэспандэнт Папскай Міжнароднай Марыйнай Акдэміі (Pontificia Academia Mariana Internationalis), дасьледчык духоўнасьці і літургіі Ўсходніх Цэркваў, а таксама аўтар шматлікіх навуковых публікацыяў па літургіцы, марыялогіі, еўхарысталогіі, кірыла-мятодаўскай традыцыі і экуменічных стасунках Цэркваў на славянскім Усходзе.

Айцец Сяргей (сьвецкае імя – Ян) нарадзіўся 08.02.1949 г. у Лышкавіцах Лодзкага ваяводзтва (Польшча).
Напачатку хацеў вывучаць славянскую філалогію ў Варшаўскім універсітэце, аднак адмовіўся ад гэтай ідэі і ў жніўні 1967 г. уступіў у манастыр айцоў-марыянаў, дзе змог рэалізаваць сваё жаданьне служыць для Ўсходніх Цэркваў. Дзякуючы беларускаму сьвятару-марыяніну Тамашу Падзяву, які меў моцны інтэлектуальны і духоўны ўплыў на яго, далучыўся да беларушчыны.

У 1967-1974 гг. навучаўся на багаслоўскім факультэце Каталіцкага ўніверсітэту ў Любліне (КУЛ). Падчас студыяў кантактаваў з беларускім культурным і рэлігійным асяродкам у Лондане (найперш з біскупам-марыянінам Чэславам Сіповічам). У гэтым часе быў перасьледаваны службамі бясьпекі Польскай Народнай Рэспублікі.

Вечныя манаскія зарокі склаў 15.08.1973 г. Сьвятарскія сьвячаньні атрымаў 23.06.1974 г. у Гуры Кальварыі каля Варшавы.

У 1978-1983 гг. ён студыяваў у Папскім Усходнім інстытуце (Pontificia Instituto Orientale), а ў лістападзе 1983 г. абараніў доктарскую працу. У 1983-1999 гг. вёў навукова-дыдактычную дзейнасьць пры катэдры праваслаўнага багаслоўя ў Экуменічным інстытуце Каталіцкага ўніверсітэту ў Любліне, быў прафесарам.

З восені 1993 г. айцец Сяргей Гаек - дэлегат-візітатар Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў у справе грэка-католікаў Беларусі, а ў студзені 1994 г. Папа Ян Павел ІІ прызначыў яго Апостальскім Візітатарам для грэка-католікаў у Беларусі.

У 1996 годзе а. Сяргей атрымаў годнасьць архімандрыта, а з 1997-ым стаў кансультарам Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў.

У лютым 2003 г. падчас візіту каталіцкіх ярархаў Беларусі ad limina Apostolorum Папа Ян Павел II падарыў Архімандрыту Сяргею (Гаеку) біскупскі крыж, а ў 2004 г. Першаярарх УГКЦ кардынал Любамір Гузар дараваў яму грамату на права нашэньня панагіі і даў літургічны прывілей на бласлаўленьне вернікаў дыкірыем і трыкірыем.
 

  







All the contents on this site are copyrighted ©.