16-17 чэрвеня ў Празе адбыўся першы раўнд перамоваў аб правах чалавека паміж прадстаўнікамі
Беларусі і Эўрапейскага Зьвязу. У паведамленьні для прэсы, якое
зьявілася на сайце Рады Эўразьвязу, адзначаецца, што дыялёг прайшоў у адкрытай і канструктыўнай
атмасфэры.
Падчас сустрэчы абодва бакі абмяняліся думкамі аб сытуацыі з правамі
чалавека як у Беларусі, так і ў краінах Эўразьвязу. Асаблівая ўвага была нададзеная
свабодзе сходаў і асацыяцыяў, а таксама працоўным правам, свабодзе выказваньня і інфармацыі,
свабодзе думкі, сумленьня і рэлігіі. Былі закранутыя пытаньні барацьбы з рознымі праявамі
нецярпімасьці і нянавісьці, правоў мігрантаў і прадстаўнікоў меншасьцяў, барацьбы
з гандлем людзьмі, сытуацыі ў турмах, сьмяротнага пакараньня. Былі вызначаныя галіны
далейшага супрацоўніцтва і тэмы для глыбейшага абмеркаваньня.
Напярэдадні згаданай
сустрэчы адбылося адмысловае паседжаньне, прысьвечанае пытаньням дзейнасьці мясцовых
інстытутаў абароны правоў чалавека ў паасобных краінах. У гэтым паседжаньні бралі
ўдзел прадстаўнікі офісу омбудсмана Чэскай Рэспублікі.
Падчас перамоваў разглядаліся
паасобныя выпадкі, зьвязаныя з праблемамі правоў чалавека ў ЭЗ і ў Беларусі, якія
датычаць свабоды мас-мэдыяў, выказваньня, сходаў і асацыяцыяў.
Прадстаўнікі
Эўразьвязу і Беларусі абмеркавалі супрацоўніцтва ў галіне правоў чалавека з рознымі
міжнароднымі арганізацыямі, у прыватнасьці з Радай правоў чалавека пры ААН і з Генэральнай
асамблеяй ААН, а таксама ў дачыненьні да АБСЭ. Былі разгледжаныя пэрспэктывы збліжэньня
Беларусі з Радай Эўропы.