Сьвятарства гэта любоў Ісусавага Сэрца. Пісьмо Папы Бэнэдыкта 16 на "Год Сьвятарства".
Сьвяткаваньні Году Сьвятарства маюць прычыніцца да ўнутранага аднаўленьня ўсіх сьвятароў,
каб іхняе сьведчаньне ў сучасным сьвеце было больш выразным. Аб гэтым прыпамінае
Бэнэдыкт 16 у апублікаваным у чацьвер 18-га чэрвеня ў Ватыкане Пасланьні на пачатак
Году Сьвятарства. Ён пачаўся ў пятніцу 19-га чэрвеня і будзе працягвацца да ўрачыстасьці
Найсьвятога Сэрца Госпада Ісуса ў наступным 2010-м годзе. Год Сьвятарства спалучаецца
таксама са 150-ю гадавінаю сьмерці Сьвятога Яна Марыі Вянэя. Бэнэдыкт 16 паказвае
Пробашча з Арс як прыклад для сьвятароў і заахвочвае да насьледаваньня яго душпастырскіх
мэтадаў. Сьвятары зьяўляюцца дарам для Касьцёла і для чалавецтва- заўважвае Папа.
Прыпамінае ахвяру і гераічную паслугу многіх сьвятароў, якія часта крывёю пачаталі
вернасьць пакліканьню. Бэнэдыкт 16 прапануе, каб аб іх памятаць таксама ў сітуацыях
антысьведчаньня, калі Касьцёл мусіць цярпець з огляду на нявернасьць некаторых сваіх
слугаў. Як істотны пункт аднясеньня ўказвае на Сьвятога Яна Марыю Вянэя ды прыкметы,
якія зрабілі яго сьвятаром паводле Божага Сэрца. Пробашч з Арс быў перад усім пакорным,
проста “прыгнечаным неабмежаваным пачуцьцём адказнасьці”. Намагаўся ідэнтыфікавацца
з даручанаю яму паслугаю- падкрэсьлівае Папа. Разнародныя душпастырскія ініцыятывы
уздымаў у супрацоўніцтве са сьвецкімі асобамі, да якіх прамаўляў сьведчаньнем жыцьця.
Проста ўлюблены ў Эўхарыстыю меркаваў, што ад Сьвятой Імшы залежыць ўся руплівасьць
сьвятарскага жыцьця. Адсюль чэрпаў сілу для паслугі ў спавядальніцы, дзе праводзіў
нават і 16-ць гадзін дзённа. Быў вельмі паважаным спаведнікам, таму што ахоплены
пачуцьцём збаўленьня душаў паказваў людзям Божую Міласэрнасьць. Важным памерам ягонага
жыцьця была пры гэтым яго асабістая аскеза а ў жыцьці прытрымліваўся эвангэльскіх
парад. Папа далей прыпамінае перакананьне Сьвятога Яна Марыі Вянэя, што “няма двух
добрых спосабаў служэньня Богу. Ёсьць толькі адзін адзінны: служыць Яму так, як Ён
хоча, каб Яму служылі”. Адначасна Бэнэдыкт 16 жадае сьвятарам, “каб здолелі зразумець
новую вясну, якую Дух Сьвяты разбуджае ў нашых днях у Касьцёле (....) цераз новыя
касьцельныя рухі і новыя супольнасьці”. Сьвяцейшы Айцец падкрэсьлівае абшчынную форму
сьвятарскае паслугі, якая ажыцьцяўляецца ў еднасьці з уласным біскупам ды у братэрскай
сувязі паміж сьвятарамі. “Хрыстос на вас разлічвае. Ідучы за прыкладам Сьвятога
Пробашча з Арс, дазвольце сябе, каб Ён вас здабыў і станецеся таксама і вы ў сучасным
сьвеце пасланцамі надзеі, прымірэньня і міру”- заканчывае сваё Пасланьне на Год Сьвятарства
Папа Бэнэдыкт 16.