2009-06-13 11:23:41

Беларускую мову на ЦТ будуць здаваць 65-ць тысяч абітурыентаў



Як паведаміў дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Мікалай Фяськоў, у апошні дзень рэгістрацыі на ЦТ ажыятажу ў пунктах рэгістрацыі не назіралася.
Усяго ў гэтым годзе ахвотных прайсці цэнтралізаванае тэставанне налічваецца больш за 175 тысяч чалавек,
а колькасць выдадзеных пропускаў перавысіла 481 тысячу. Летась, нагадаем, колькасць удзельнікаў тэставання была каля 176 тысяч.
З улікам павелічэння колькасці выпускнікоў агульнай сярэдняй школы на 9 працэнтаў у Міністэрстве адукацыі меркавалі, што і колькасць удзельнікаў цэнтралізаванага тэставання можа дасягнуць у гэтым годзе 200 тысяч чалавек, аднак, як відаць, гэтыя прагнозы не спраўдзіліся. Можна меркаваць, што не ўсе выпускнікі звязваюць сваю будучыню з атрыманнем вышэйшай адукацыі, бо ў процілеглым выпадку ім давялося б у абавязковым парадку здаваць цэнтралізаваныя іспыты. А магчыма, што хтосьці вырашыў адкласці «штурм» ВНУ на больш позні час і перад гэтым «узброіцца» рабочай прафесіяй.
Самай масавай дысцыплінай ЦТ, як і ў папярэднія гады, стала матэматыка, куды зарэгістравалася каля 116 тысяч чалавек
(летась было больш як 110 тысяч). Другой па масавасці дысцыплінай стала руская мова, куды зарэгістравалася каля 110 тысяч абітурыентаў.
А вось беларускую мову пажадалі здаваць на цэнтралізаваным тэставанні толькі крыху больш за 65 тысяч абітурыентаў. Хоць яшчэ некалькі гадоў таму і на беларускую, і на рускую мову рэгістравалася прыкладна аднолькавая колькасць маладых людзей.
А былі часы, калі беларуская мова была нават больш папулярнай у абітурыентаў на ЦТ, чым руская.
На цэнтралізаванае тэставанне па фізіцы было выдадзена крыху больш за 52 тысячы пропускаў, на біялогію — 33 тысячы, хімію — каля 19,7 тысячы. На замежныя мовы зарэгістравалася прыблізна 40 тысяч чалавек, на гісторыю Беларусі — больш як 26 тысяч, геаграфію — 2,5 тысячы, грамадазнаўства — 12,5 тысячы, сусветную гісторыю — 2,4 тысячы.
Мікалай Фяськоў падкрэсліў, што дакладная колькасць удзельнікаў тэставання па ўсіх прадметах стане вядомай пасля праверкі ўсіх лістоў рэгістрацыі і выяўлення так званых «двайнікоў» — абітурыентаў, якія зарэгістраваліся больш чым на тры прадметы. На жаль, такіх хітруноў кожны год набіраецца дзе‑тры сотні.
Нагадаем, што цэнтралізаванае тэставанне стартуе ў гэтым годзе на некалькі дзён пазней, што звязана з падаўжэннем у школах навучальнага года. І першымі 15 чэрвеня ў пункты правядзення ЦТ прыйдуць абітурыенты, якія пажадалі здаваць на ЦТ беларускую мову.








All the contents on this site are copyrighted ©.