2009-06-10 12:45:06

Працэсія Божага Цела ў Менску


14 чэрвеня 2009 г. у Мінску адбудзецца працэсія з нагоды ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста (Божае Цела), што традыцыйна адзначаецца ў чацвер пасля ўрачыстасці Найсвяцейшай Тройцы на ўспамін таго дня, калі Езус Хрыстус на Апошняй Вячэры ў Вялікі Чацвер устанавіў Найсвяцейшы Сакрамэнт.

Традыцыйна працэсія распачнецца цэлебрацыяй святой Імшы ў 9.00 каля касцёла Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы (пр. Скарыны, 44а). Працэсія пройдзе па вуліцы Казлова, па тратуары праспекта Незалежнасці, па вуліцах Берсана, Валадарскага, Інтэрнацыянальнай і завершыцца каля архікатэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі (пл. Свабоды, 9). Падчас шэсця, якое распачнецца ад касцёла Найсвяцейшай Тройцы прыкладна ў 10.30, прадугледжаны чатыры прыпынкі-стацыі: першая стацыя на плошчы Перамогі, другая — на Кастрычніцкай плошчы, трэцяя — на плошчы Незалежнасці, чацвёртая — на плошчы Свабоды.
Падчас кожнай стацыі манстранцыя з Найсвяцейшым Сакрамэнтам будзе змяшчацца на прыгожа аздобленым троне, падрыхтаваным вернікамі пэўных парафій, будзе чытацца ўрывак з аднаго з Евангелляў, а затым святар прамовіць гамілію. Падчас кожнай стацыі прысутным будзе ўдзяляцца благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам.
Перад заключным благаслаўленнем вернікі праспяваюць гімн «Te Deum» («Цябе, Бога, праслаўляем»), а завершыць урачыстасць спеў гімна «Магутны Божа».
У працэсіі будуць прымаюць удзел дзеці, якія сёлета прынялі Першую святую Камунію, а таксама прадстаўнікі розных малітоўных груп і рухаў. Урачыстасць працэсіі будуць надаваць харугвы і абразы з выявамі святых. У гэтым годзе ў працэсіі будуць несці абраз Езуса Міласэрнага, які перэгрынуе па парафіях Мінска-Магілёўскай архідыцэзіі.
У Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі па парафіях адбываецца перэгрынацыя абраза Езуса Міласэрнага і рэліквій благаслаўлёнага кс. Міхала Сапоцькі. Перэгрынацыя распачалася 19 красавіка 2009 г. і закончыцца 23 жніўня гг. урачыстай святой Імшой і працэсіяй у мінскай архікатэдры.








All the contents on this site are copyrighted ©.