2009-06-08 14:06:11

Гадавіна паломніцтва Папы Яна Паўла ІІ ў Польшчу


Калі 30 гадоў таму, 2 чэрвеня 1979 году а 10.07 самалёт зь Янам Паўлам ІІ на борце прызямліўся на варшаўскім лётнішчы „Акэнце”, ніхто нават не ўяўляў сабе, што першае паломніцтва Папы Рымскага - паляка ў Айчыну парушыць камуністычную сыстэму, а пасьля 10 гадоў палякі возьмуць удзел у першых часткова незалежных выбарах.
Тым часам улады Польскай Народнай Рэспублікі былі занепакоеныя ўжо самім плянам прыезду новаабранага Пантыфіка Караля Вайтылы (кастрычнік 1978 г.). Яны баяліся, што Сьвяты Айцец можа разбудзіць сярод палякаў незалежніцкія імкненьні. Верагодна, нават сам Леанід Брэжнеў – лідэр Савецкага Саюзу – пераконваў польскіх камуністаў, каб яны не дапусьцілі паломніцтва, але польскія ўлады, баючыся выбуху грамадзкага незадавальненьня, урэшце рэшт дазволілі наладзіць візыт.
Пасьля візыту ў катэдры і ў Бэльвэдэры, дзе Яна Паўла ІІ прыняў Эдвард Герак, тагачасны старшыня Польскай аб’яднанай рабочай партыі ( PZPR), Сьвяты Айцець цэлебраваў набажэнства на варшаўскім пляцы Перамогі, дзе ён сказаў гістарычныя словы:
Ян Павал ІІ: Я, сын польскай зямлі, адначасова я, Ян Павал ІІ, Папа Рымскі, заклікаю з усёй глыбіні гэтага Тысячагодзьдзя, заклікаю напярэдадні Сьвята Благавешчаньня, заклікаю разам з вамі ўсімі: Няхай сыдзе Дух Твой! Няхай сыдзе Дух Твой і адновіць аблічча зямлі. Гэтай зямлі.
Палякі ўспрынялі гэтыя словы як заклік да змаганьня за зьмену палітычнай сыстэмы. Таксама сёньня 78% палякаў лічыць, што менавіта тыя словы й тое паломніцтва прычыніліся да ўзьнікненьня ў 1981 годзе прафзаюзу „Салідарнасьць”, і ў выніку, у 1989 годзе, вяртаньня незалежнасьці. 
Таксама паводле кракаўскага мітрапaліта кардынала Станіслава Дзівіша, шматгадовага асабістага сакратара Яна Паўла ІІ, першае паломніцтва Папы Рымскага ў Польшчу насіла характар прароцтва.
Кардынал Станіслаў Дзівіш: Сёньня мы можам параўнаць Яна Паўла ІІ да прарока, якога слухаюць нават пасьля таго, як яго ня стала. Менавіта, чаму мы сьвяткуем 30-годзьдзе? Таму, што хочам нанава адчытаць і скарыстацца тым, што ён пасьля сябе пакінуў, а гэта былі прарочыя словы.
Ян Павал ІІ прабываў у Польшчы ад 2 да 10 чэрвеня 1979 году і ў гэтым часе наведаў: Варшаву, Гнезна, Чанстахову, Кальварыю Зэбжыдоўскую, Вадавіцэ й Кракаў.
У 30-ю гадавіну першага паломніцтва Яна Паўла ІІ у Польшчу, а таксама ў 20-ю гадавіну дэмакратычных пераменаў у Польшчы ды Эўропе ў польскім Сэйме й Доме арцыбіскупаў прайшла навуковая канфэрэнцыя пад загалоўкам: „Папа свабоды”.
Канфэрэнцыя праходзіла пад патранажам варшаўскага мітрапаліта арцыбіскыпа Казімежа Ныча, старшыні Сэйму Браніслава Камароўскага й прэзыдэнта Варшавы Ганны Гранкевіч-Вальц, якая таксама ўспамінае тыя часы.
Ганна Гранкевіч-Вальц: Папа даў нам шанец легальна сабрацца, што тады было забаронена. Гэта быў рэлігійны сход, хаця ён меў таксама палітычны характар, бо і больш, і менш пабожныя палякі стараліся ісьці на ўрачыстасьці ў тых гарадох, якія наведваў Папа Рымскі. Паводле мяне, гэта пераўтварылася ў здольнасьць стварэньня грамадзянскай супольнасьці, што для палякаў не такая простая справа, бо, як вядома, дзе двое палякаў, там тры ідэі.
Да 6 чэрвеня перад Акадэмічным касцёлам сьвятой Анны ў Варшаве можна глядзець пленэрную выставу, прысьвечаную першаму паломніцтву Папы Рымскага Яна Паўла Другога ў Польшчу.
Сёньня ніхто не сумняецца, што тыднёвае паломніцтва Папы Рымскага ў Польшчу мела непасрэдны ўплыў на пазьнейшыя дэмакратычныя перамены ва Ўсходнай і Цэнтральнай Эўропе.








All the contents on this site are copyrighted ©.