2009-06-06 10:14:00

Сустрэча ў офісе Прадстаўніцтва Еўрапэйскай Камісіі ў Беларусі


3 чэрвеня 2009 г. у Мінску адбылася сустрэча прадстаўнікоў хрысціянскіх Цэркваў Беларусі з часовым павераным у справах Прадстаўніцтва Еўрапейскай Камісіі ў Рэспубліцы Беларусь спадаром Жанам-Эрыкам Гольцапфелем. Каталіцкі Касцёл прадстаўляў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Падчас сустрэчы, ініцыятарам якой выступіла Міжканфесійная місія «Хрысціянскае сацыяльнае служэнне», прадстаўнікі Цэркваў выказалі сваё бачанне адносна вырашэння сацыяльных праблемаў беларускага грамадства, а таксама падзяліліся вопытам сацыяльнага служэння.
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч выказаў удзячнасць за правядзенне гэтай працоўнай сустрэчы і падкрэсліў неабходнасць далейшага ўдзелу хрысціянскіх Цэркваў Беларусі ў межах Міжканфесійнай місіі «Хрысціянскае сацыяльнае служэнне» ў справе актывізацыі праектнай дзейнасці, накіраванай на развіццё сацыяльнага служэння. Каталіцкі іерарх, між іншым, закрануў пытанне пра магчымасць рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры і святыняў.
Спадар Жан-Эрык Гольцапфель расказаў аб прыярытэтах і праграмах Прадстаўніцтва Еўрапейскай Камісіі, якія рэалізуюцца ў Беларусі.
Дырэктар Усходне-Еўрапейскага офіса Сусветнай Рады Цэркваў Міраслаў Матрэнчык паінфармаваў пра магчымасці, якія прадстаўляюцца Цэрквам рэгіёна Усходняй Еўропы ў сувязі з узнікненнем новага механізма міжцаркоўнай дапамогі.
Мікалай Матрунчык, дырэктар Міжканфесійнай місіі «Хрысціянскае сацыяльнае служэнне», адзначыў існаванне запатрабаванасці хрысціянскай сацыяльнай актыўнасці, як з боку грамадскасці, так і з боку дзяржавы. Ён падкрэсліў неабходнасць актывізацыі працы ў рэгіёнах і паведаміў пра гатоўнасць Місіі рэалізоўваць сацыяльныя праекты ў розных галінах, асабліва ў тых, якія падтрымліваюцца Прадстаўніцтвам Еўрапейскай Камісіі ў Беларусі.
Анастасія Крывіцкая, каардынатар праграмы па ВІЧ/СНІДу Міжканфесійнай місіі «Хрысціянскае сацыяльнае служэнне» расказала пра вопыт супрацоўніцтва з іншымі міжнароднымі арганізацыямі.
Рэферэнт Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта а. Сяргей Маўсесян падкрэсліў, што хрысціянскія Цэрквы Беларусі маюць багаты станоўчы вопыт партнёрскіх адносінаў з еўрапейскімі партнёрскімі арганізацыямі, і гэты вопыт можа быць паспяхова мультыпліцыраваны ў Беларусі.
паводле catholic.by







All the contents on this site are copyrighted ©.