2009-06-02 13:39:50

Прэзыдэнт Украіны ў Ватыкане



На спэцыяльнай аўдыенцыі Бэнэдыкт 16 прыняў прэзыдэнта Украіны Віктара Юшчанку. Украінскі кіраўнік прыбыў у Рым спэцыяльна, каб сустрэцца з Папам Бэнэдыктам 16-м. Затым меў размову з кардыналам Тарчыцыё Бэртонэ, Дзяржсакратаром Ватыкану ды з арцыбіскупам Дамінікам Мамбэртім, кіраўніком ватыканскае дыпламатыі. У выдадзеным камунікаце пішацца, што ў часе размоваў кранута міжнародныя справы, выказваючы пры гэтым задавальненьне з добрых украінска-ватыканскіх адносін. Абмеркавана таксама пэрспэктывы паглыбленьня супрацоўніцтва ў культурнай і сацыяльнай галінах. Выказана волю справядлівае развязкі існуючых праблемаў на лініі Дзяржава-Касьцёл на Украіне. Падкрэсьлена сацыяльны ўклад тамашняга Каталіцкага Касьцёла, асабліва калі справа ідзе пра пашыраньне хрысьціянскіх вартасьцяў. Зазначана таксама важнасьць пашыраньня сярод хрысьціян дыялогу ў карысьць адзінства, ва ўзаемнай пашане ды мірным суіснаваньні.
У заблытанай ўнутранай і міжнароднай сітуацыі, ў якой знаходзіцца Украіна, адносіны з рэлігійнымі супольнасьцямі ды іхнімі кіраўнікамі здаюцца належаць да прыярытэтаў Віктара Юшчанкі. Выяўленьнем гэтага быў ягоны візыт у Ватыкан.
Аддзельным пытаньнем зьяўляецца палітыка Віктара Юшчанкі адносна Каталіцкага Касьцёла. Прэзыдэнт падтрымлівае ідэю ўстанаўленьня ў Кіеве Грэка-каталіцкага Патрыярхату. За тое да Касьцёла лацінскага абраду адносіцца “сур”ёзна і з вялікім зразуменьнем”, што падкрэсьліў львоўскі арцыбіскуп Мячаслаў Мокшыцкі пасьля сустрэчы з галавою дзяржавы. Пастаянна аднак астаюцца некаторыя пытаньні, напрыклад, якія тычацца звароту царкоўнае маёмасьці, ці візавае палітыкі адносна замежнага духавенства, якое працуе на Украіне. Недавер”е католікаў польскага паходжаньня ўзбуджаюць сімпатыі Юшчанкі да нацыяналістаў, якія спасылаюцца да традыцый УПА.








All the contents on this site are copyrighted ©.