2009-05-01 12:17:51

"Палымяны сьвятар і патрыёт". У 30-я ўгодкі сьмерці беларускага каталіцкага сьвятара айца Пятра Татарыновіча




Імя беларускага каталіцкага сьвятара лацінскага абраду Пятра Татарыновіча, на жаль, ужо даволі добра падзабытае, а часам і ўвогуле ня чутае новым пакаленьнем беларусаў, тым больш што частку свайго жыцьця (пасьля вайны) аж да сьмерці ён правёў па-за межамі Бацькаўшчыны. Аднак адметная постаць гэтага выдатнага сьвятара і беларуса вартая, каб быць належна ўшанаванай на роднай Бацькаўшчыне, каб яго імя заняло сваё годнае месца ў шэрагах патрыётаў Беларусі. Кожны з маладых беларускіх адраджэнцаў таго часу, натхнёных актам 25 сакавіка 1918 г., якія марылі пра дзяржаўнасьць свайго народу, мусіў шукаць свой шлях, сваё месца служэньня ідэі адраджэньня Бацькаўшчыны ў далёка не спрыяльных умовах. Пётра Татарыновіч уважаў, што немагчыма адраджэньне нацыі, калі ня будзе духоўнага адраджэньня людзей. Ён выбраў шлях сьвятара і стаў служыць Богу і Беларусі, ня толькі на словах, але і ўсім сваім жыцьцём.
Што могуць узгадаць сёньня людзі, калі спытаць іх пра айца пралата Пятра Татарыновіча? У Беларусі, у лепшым выпадку, нехта ўзгадае перавыдадзены некалькі гадоў таму невялікім накладам ягоны беларускі пераклад кнігі Генрыка Сянкевіча “Quo vadis”, хоць некаторыя і зьдзівяцца гэтаму, бо не зьвярталі ўвагу на асобу перакладчыка. (Да перавыданьня гэтай кнігі спрычыніліся грэка-каталікі – выдавецтва “Сафія” пры полацкай грэка-каталіцкай парафіі, а таксама італійскія сябры з рымскай парафіі Першамучанікаў.) Была яшчэ літаратуразнаўчая праца Вітаўта Мартыненкі пра творчасьць кс. П.Татарыновіча, выдадзеная ў 2003 г. асобнай брашурай Рэдакцыяй газеты “Царква”, але яна вядомая вузкаму колу сьпецыялістаў. Магчыма, хтосьці з вернікаў старэйшага веку зможа ўзгадаць, што чуў некалі яго прозьвішча, слухаючы перадачы беларускай секцыі радыё Ватыкан. Старое пакаленьне беларускай эміграцыі можа ўзгадаць яшчэ рэдагаваны айцом Татарыновічам часопіс “Зьніч” на лацініцы і яго пераклады Новага Запавету. У некаторых палескіх вёсках бабулі-ўніяткі, не прыпамінаючы адразу прозьвішча Татарыновіч, у размовах пра Унію міжваеннага часу, калі разумелі, пра каго йдзецца, адразу ўзгадвалі яго: “А, то гэта ж ксёндз Пятрок!” і з захапленьнем распавядалі пра яго палымяныя і пранікнёныя казаньні (“Як ён казаў, то ўсе плакалі!”) ды сьцьвярджалі, што слухаць іх прыходзілі нават іншаверцы.
Сёлета, 3 верасьня, мінула тры дзесяцігоддзі ад часу, калі айцец Пётра Татарыновіч скончыў свой зямны шлях і адыйшоў да Госпада. І нам вельмі хочацца падзякаваць за яго Госпаду ды бліжэй пазнаёміць сучаснае пакаленьне беларускіх вернікаў з жыцьцём і дзейнасьцю гэтага выдатнага сьвятара-беларуса, узгадаць яго добрым словам у 30 гадавіну яго сьмерці ў Вечным горадзе, у Рыме, далёка ад Бацькаўшчыны, якую ён так любіў. Магчыма, гэты матэрыял паспрыяе ўшанаваньню памяці а. Пятра Татарыновіча ў яго родных мясьцінах і ў тых парафіях, дзе ён так шчыра і аддана працаваў.
Рэдакцыя Пётра Татарыновіч паходзіць з вёскі Гайнін мядзьведзіцкай парафіі на Случчыне (сёньня – Ляхавіцкі р-н Берасьцейскай вобл.). Нарадзіўся ён 2 чэрвеня 1896 г. у сям’і беларускіх сялянаў–каталікоў Станіслава і Караліны (з дому Пашукевічаў). Вялікая і моцная сваёю вераю парафія, па спогадах самога а. Пятра Татарыновіча, была пакутніцкай, бо ад 1866 г. перасьледавалася за веру царскімі ўладамі, якія прымушалі вернікаў да пераходу ў праваслаўе. Старажытны драўляны храм улады перадалі праваслаўнай Царкве, але людзі ўпарта баранілі сваю веру і моцна цярпелі за гэта. Бацька Пятра за стойкасьць у веры мусіў паўгода правесьці ў слуцкай турме і два гады на выгнаньні. Гэткая цьвёрдасьць людзей у веры спавадавала закрыцьцё храму ў 1887 г., які быў адчынены ізноў толькі ў 1905 годзе. Дзень адкрыцьця храму і першай Службы Божай стаўся для людзей сапраўдным сьвятам і менавіта тады, у гэты ўрачысты момант вяртаньня храму і дазволу на адкрытае вызнаньне сваёй веры, малы Пятрок “нарадзіўся для ідэі”, як ён сам пазьней пісаў пра гэта.


Вучыўся Пётра спачатку ў Слуцку, потым у Петраградзе, дзе пасьля агульнай сярэдняй адукацыі паступіў у мітрапалітальную семінарыю і пачаў вывучаць філасофію ды тэалогію. У часы, калі беларусы, абвясьціўшы 25 сакавіка 1918 г. пра незалежнасьць БНР, спрабавалі будаваць сваю дзяржаўнасьць, П.Татарыновічу давялося вучыцца ў семінарыі ў Менску, дзе рэктарам быў д-р а. Фабіян Абрантовіч, а адным з прафесараў а. Андрэй Цікота, лідары Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі ў тыя часы. Заканчваў навукі Пётр Татарыновіч у польскім Улацлаўку, дзе 12 чэрвеня 1921 г. ён быў высьвячаны на сьвятара Менскай дыяцэзіі.








All the contents on this site are copyrighted ©.