2009-04-30 14:04:49

Кардынал Таран: дыялог паміж мусульманамі і хрысьціянамі зьяўляецца Божай ласкай


«Дыялог паміж мусульманамі і хрысціянамі з’яўляецца Божай ласкай, паколькі схіляе нас да больш глыбокага разумення нашай веры, бо ў дыялогу няма месца для двухсэнсоўнасці», — лічыць кардынал Жан-Луі Таран. Старшыня Папскай рады па міжрэлігійнаму дыялогу выступіў падчас сустрэчы біскупаў і дэлегатаў Канферэнцый Каталіцкіх Біскупаў Еўропы, што адбылася 27–28 красавіка гг. у г. Бардо (Францыя).


Старшыня Папскай рады па міжрэлігійнаму дыялогу запэўніў, што «хрысціяне ў Еўропе гатовы падтрымаць і дапамагчы вызнаўцам ісламу ў галіне адукацыі, забяспечваючы тым самым іх асабістае развіццё».
Кардынал Таран адзначыў, што «дыялог дазваляе ўспрымаць вызнаўцаў іншых рэлігій не як сапернікаў, але як людзей, якія шукаюць Бога, Абсалюта. Міжрэлігійны дыялог — гэта таксама і сведчанне таго, што „не хлебам адным жыве чалавек“».
Паводле дадзеных, якія прывёў кардынал Таран, мусульмане складаюць 3–4 % насельніцтва Еўрапейскага кантынента.
У сустрэчы ў Бардо прынялі ўдзел прадстаўнікі 17 краінаў Еўропы, у тым ліку Францыі, Англіі, Германіі, Аўстрыі і Турцыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.