2009-04-22 12:56:07

Новы старшыня Папскай рады работнікаў сфэры аховы здароўя


18 красавіка 2009 г. прэс-служба Апостальскай Сталіцы абвясціла пра наданне біскупу Радомскаму Зыгмунту Зімоўскаму (Польшча) тытула арцыбіскупа, а таксама пра яго прызначэнне на пасаду старшыні Папскай рады пастырства работнікаў сферы аховы здароў’я. Да гэтага часу гэтую пасаду займаў кардынал Хав’ер Ласано Барраган, які пакінуў яе па прычыне пажылога ўзросту.


Арцыбіскуп Зыгмунт Зімоўскі падчас Пантыфікату Яна Паўла II уваходзіў у склад Кангрэгацыі Веравучэння, якая з’яўляецца часткай Рымскай Курыі. У той час прэфектам кангрэгацыі быў кардынал Ёзаф Ратцынгер, цяперашні Папа Бэнэдыкт XVI.


Новаабраны старшыня ватыканскага ведамства прымаў удзел у напісанні Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, супрацоўнічаў з польскай секцыяй Ватыканскага радыё, з’яўляўся прафесарам эклезіялогіі Люблінскага каталіцкага універсітэта і Універсітэта імя Стэфана Вышынскага ў Варшаве. У 2002 г. Ян Павел II прызначыў яго біскупам Радомскім.


Арцыбіскуп Зыгмунт Зімоўскі стаў трэцім старшынёй Папскай рады пастырства работнікаў сферы аховы здароўя, створанай у 1985 г.










All the contents on this site are copyrighted ©.