2009-04-18 10:40:41

Аляксандар Жлудка-- лаўрэат узнагароды імя Льва Сапегі


Кандыдат навук Аляксандар Жлутка зь Менску стаў ляўрэатам узнагароды імя Льва Сапегі, якая была ўручаная 4 красавіка ў Варшаўскім унівэрсытэце.
Аляксандар Жлутка зьяўляецца гісторыкам літаратуры, клясычным філёлягам. Ён навучаўся ў Львоўскім унівэрсытэце, а пазьней у Акадэміі навук Беларусі. Ён працаваў у Навукова-асьветніцкім цэнтры імя Францішка Скарыны й у Беларускім гуманітарным ліцэі. Зьяўляецца рэдактарам часопіса „Наша вера”.
Адзін зь ініцыятараў узнагароды імя Льва Сапегі прафэсар Ян Маліцкі патлумачыў Польскаму радыё, чаму сёлетнім ляўрэатам стаў Аляксандар Жлутка.
Аляксандар Жлутка'сказаў ён- зьяўляецца вельмі вядомым клясычным філёлягам у Беларусі. Там гэта мае асаблівае значэньне. Напрыклад, у Польшчы ёсьць дзесяткі, а нават сотні клясычных філёлягаў. У сваю чаргу ў Беларусі Аляксандар Жлутка належыць да кола некалькіх клясычных філёлягаў. А дасьледваньне гісторыі ня можа адбывацца без клясычнай філялёгіі. Дадаткова гэта чалавек з такога пакаленьня, якія ад пачатку 90-х гадоў былі моцна заангажаваныя ў перамены ў Беларусі. У гэтым выпадку навука спалучаецца з грамадзкай дзейнасьцю. Гэта чалавек, які ў свой час езьдзіў выкладаць лацінскую мову ў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Пінску. Мы маем дачыненьне з чалавекам, які зьяўляецца рэдактарам часопіса "Наша вера". Як бачна, гэта навуковец, які ня толькі сядзіць у кабінэце над сваімі лацінскімі тэкстамі. Гэта навуковец, для якога найважнейшай зьяўляецца навука ў найшырэйшым значэньні гэтага слова. Гэта чалавек, які думае пра свой народ і грамадзтва. Ён, як навуковец, хоча нешта гэтаму народу даць і ўнесьці ў яго разьвіцьцё.
Узнагарода імя Льва Сапегі за галоўную мэту ставіць уганароўваньне асобаў за кшталтаваньне й разьвіцьцё грамадзкай супольнасьці ў Беларусі, а таксама за будаваньне незалежнай і дэмакратычнай Беларусі, накіраванай у бок Эўропы.
Згодна з прынцыпамі ўзнагароды, ляўрэат будзе рэгулярным госьцем польскіх унівэрсытэтаў, дзе будзе праводзіць шэраг выкладаў на тэму Беларусі.








All the contents on this site are copyrighted ©.