2009-04-16 11:43:56

На 19 красавіка прыпадае 4-ая гадавіна ўступлення кардынала Ёзафа Ратцынгера на Пасад святога Пятра.16-га красавіка Папа Бэнэдыкт 16 адзначае сваё 82-годдзе



16 красавіка 2009 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI адзначыў сваё 82-годдзе. З гэтай нагоды прапануем кароткую біяграфію Пантыфіка.
Папа Бэнэдыкт XVI (Ёзаф Ратцынгер) паходзіць з Германіі — краіны з вельмі старажытнымі хрысціянскімі каранямі і багатай каталіцкай традыцыяй.
16 красавіка 1927 года ў невялічкім нямецкім мястэчку Марктль-на-Інне, што ў Ніжняй Баварыі, у сям’і паліцэйскага Ратцынгера нарадзіўся другі хлопчык, якога ахрысцілі Ёзафам.
З 1946 да 1951 года Ёзаф Ратцынгер вывучае філасофію і тэалогію спачатку ў Фрайзінгу, а потым у Мюнхенскім універсітэце і 29 чэрвеня 1951 года прымае святарскае пасвячэнне. У сваёй дзейнасці малады святар не абмяжоўваецца толькі цэлебрацыяй Імшы і падрыхтоўкай казанняў і ўжо праз два гады абараняе дысертацыю на тэму «Народ і дом Божы ў вучэнні св. Аўгустына пра Касцёл». Наступную навуковую ступень ксёндз Ратцынгер атрымлівае ў 1957 г., абараняючы працу «Тэалогія гісторыі святога Бонавэнтуры». Пасля гэтага на працягу амаль цэлага дзесяцігоддзя ён займаецца выкладчыцкай дзейнасцю спачатку ў Боне, затым у Мюнстэры і нарэшце ў Цюбінгене.
З 1962 па 1965 года ў Рыме праходзіць Другі Ватыканскі Сабор. Ёзаф Ратцынгер прымае актыўны ўдзел у працы гэтага Сусветнага Сабору ў якасці кансультанта па пытаннях тэалогіі. Менавіта тады ён набывае вядомасць у Касцёле на міжнародным узроўні.
З 1969 года ён выкладае дагматыку ва універсітэце ў Рэгенсбургу і з’яўляецца прарэктарам гэтай навучальнай установы. З’яўляюцца першыя публікацыі яго навуковых працаў, а таксама душпастырскіх разважанняў.
У 1977 годзе Папа Павел VI прызначыў Ёзафа Ратцынгера арцыбіскупам Мюнхена і Фрайзінга і неўзабаве пасля гэтага надаў яму годнасць кардынала. Для свайго біскупскага герба Ёзаф Ратцынгер абраў дэвіз «Cooperatores veritatis» — «Супрацоўнікі праўды». Гэты дэвіз набыў асаблівае значэнне, калі ў 1981 г. Папа Ян Павел ІІ прызначыў кардынала Ратцынгера прэфектам Кангрэгацыі Веравучэння — асноўнага ведамства Каталіцкага Касцёла, якое паклікана клапаціцца пра чысціню праўдаў веры. На гэтай пасадзе Ёзаф Ратцынгер праявіў сябе як непахісны абаронца чысціні веравучэння ад розных скажэнняў. Ён, у прыватнасці, паслядоўна выступаў супраць такіх негатыўных з’яваў сучаснага свету, як гомасексуалізм, эўтаназія, аборты, радыкальны фемінізм, які вядзе да разбурэння асноваў сям’і, і інш. Кангрэгацыя Веравучэння пад яго кіраўніцтвам рашуча асуджала таксама ўсялякія дактрынальныя злоўжыванні ў Касцёле: «тэалогію вызвалення», якая апраўдвала ўдзел Касцёла і духавенства ў палітычнай барацьбе; плюралістычную тэалогію рэлігіі, якая бачыла ў нехрысціянскіх рэлігіях частку
Божага плану збаўлення. Свае погляды на гэта Ёзаф Ратцынгер найбольш красамоўна прадставіў у дакуменце «Dominus Iesus» — «Пан Езус» (2000 г.), у якім выразна сказана, што толькі ў Каталіцкім Касцёле можна знайсці ўсю паўнату сродкаў, неабходных для збаўлення.
Новаабраны Папа ўзяў сабе імя Бэнэдыкт і сам растлумачыў гэты свой выбар, узгадваючы Папу Бэнэдыкта XV «мужнага і сапраўднага прарока міру перад абліччам драматычных падзеяў Першай сусветнай вайны», а таксама «незвычайную асобу святога Бэнэдыкта, які з’яўляецца зыходным пунктам для Еўрапейскай інтэграцыі і несумненных хрысціянскіх каранёў яе культуры і цывілізацыі».








All the contents on this site are copyrighted ©.