2009-04-11 10:14:37

Пасхальная Вігілія


Пасхальная Вігілія з’яўляецца цэнтрам Святога Пасхальнага Трыдуума. У ноч з суботы на нядзелю паводле найстаражытнейшай традыцыі адбываецца чуванне (лац. вігілія) на ўшанаванне Пана. Адзначэнне Пасхальнай Вігіліі — гэта ўжо святкаванне Вялікадня.


Выключнае значэнне ўрачыстасці Пасхі вынікае з таго, што змёртвыхпаўстанне Хрыста ўмацоўвае веру і надзею чалавека, а праз велікодныя сакрамэнты здзяйсняецца ўдзел Касцела ў таямніцы Хрыста: мы памерлі, былі пахаваны і ўваскрэснем разам з Ім.


Вельмі развіты і багаты змест літургіі Пасхальнай Вігіліі ўключае ў сябе ўсю гісторыю збаўлення. Пачынаецца яна з літургіі святла, падчас якой адбываецца благаслаўленне агню і пасхала — вялікай свечкі, што з’яўляецца сімвалам Хрыста і важным элементам літургіі. Затым спяваецца старадаўні грыгарыянскі спеў Exsultet, у якім абвяшчаецца радасная вестка пра ўваскрасенне Пана, пасля чаго ў літургіі слова Касцёл разважае пра цуды, ад стварэння свету ўчыненыя Богам дзеля збаўлення чалавецтва. Трэцяя частка Пасхальнай Вігіліі — гэта літургія хросту, падчас якой асвячаецца вада і адбываецца хрост тых, хто рыхтаваўся прыняць гэты сакрамэнт, а ўсе астатнія вернікі аднаўляюць хросныя абяцанні. Падчас эўхарыстычнай літургіі адбываецца ўспамін смерці і ўваскрасення Пана праз складанне ў постацях хлеба і віна ахвяры Яго Цела і Крыві.


Літургічная цэлебрацыя Нядзелі Змёртвыхпаўстання Пана распачынаецца на світанні ўрачыстай працэсіяй з Найсвяцейшым Сакрамэнтам вакол святыні, пасля чаго цэлебруецца ўрачыстая святая Імша, якая называецца рэзурэкцыйнай (лац. resurrectio — уваскрасенне).










All the contents on this site are copyrighted ©.