2009-04-11 10:10:17

Літургія Гасподніх Мукаў у Базыліцы Сьвятога Пятра



Важным здарэньнем Вялікае Пятніцы ў Ватыкане была Літургія Гасподніх Мукаў, якой старшынстваваў ў Базыліцы Сьвятога Пятра Папа Бэнэдыкт 16. Згодна са звычаям казаньне ў часе набажэнства сказаў Прапаведнік Папскага Дому.
Айцец Ранеро Канталямэсса ў сваім казаньні спаслаўся, між іншым, да цяперашняга эканамічнага крызісу. Запытаўся: “ажыцьцяўляецца многа аналізаў крызісу і яго прычын, хто аднак адважыцца пакласьці сякеру ля дрэва і сказаць аб граху? Чаму столькі сем”яў апынулася на бруку, а натоўпы работнікаў не маюць працы, калі не з прычыны жаданьня прыбытку, якое жывяць некаторыя? Чаму пад-час нядаўняга землятрасеньня ў італьянскім рэгіёне Абруццо зьнішчылася столькі дамоў пабудаваных нядаўня? Што схіліла заступіць цэмэнт пяском?
На думку айца Канталямэссы “сусьветныя фінансавыя і эканамічныя эліты сталіся ашалелым лякаматывам, які гоніць без тормазаў, не турбуючыся пра цягнік, які астаўся далёка заду на рэйках”.
Італьянскі законнік спаслаўся таксама да зьместу фразы на лонданскіх аўтобусах: “Бога праўдападобна няма. Не смуткуй а цешся жыцьцём” дык задаў пытаньне: “як на гэтыя словы глядзяць тыя, якія не маюць працы ані сродкаў да жыцьця? Зрабіў з гэтага вывад, што “атэізм ёсьць роскашу, на якую могуць сабе дазволіць тыя, якія сталі ўпрывілеяванымі жыцьцём, тыя, якія атрымалі ўсё, ўключна з магчымасьцю навукі і вядзеньня навуковых дасьледаваньняў.
Прапаведнік Папскага Дому зьвярнуў увагу, што ў гэтай фразе гаворыцца аб магчымасьці, што Бога няма, але “немагчыма выключыць, што ёсьць”. “Мой дарагі няверуючы брат, калі Бога няма, я не страціў нічога, калі аднак ёсьць, ты страціў усё”- сказаў айцец Канталямэсса. Мы павінны падзякаваць тым, якія пачалі гэтую рэкляму. Яна паслужыла Божай справе больш чым многа нашых апалагетычных аргумантаў. Паказала слабасьць іхніх рацый і прычынілася да краненьня многіх сумленьняў- так завершыў сваё казаньне Прапаведнік Папскага Дому.
Затым адбылася ў Базыліцы Сьвятога Пятра адарацыя ( абажаньне) крыжа. Першым пакланіўся яму Папа Бэнэдыкт 16, які з гэтае прычыны зьняў з сябе арнат і інфулу, а затым таксама абутак і боса пайшоў да спавядальніцы Сьвятога Пятра, дзе быў усталяваны крыж, якім карыстаўся калісьці Папа Лявон ХІІІ ( 1878-1903).








All the contents on this site are copyrighted ©.