2009-04-07 13:17:29

8-га красавіка кардынал Казімір Свёнтэк адзначае 70-ю гадавіну сьвятарскага служэньня


8 красавіка 2009 г. старэйшы іерарх Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, Апостальскі адміністратар Пінскай дыяцэзіі, Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп на пенсіі, кардынал Казімір Свёнтэк адзначае 70-ю гадавіну свайго святарскага служэння. З нагоды юбілею свайго святарства 8 красавіка гг. у 11.00 у пінскай катэдры кардынал будзе цэлебраваць урачыстую святую Імшу з удзелам усіх біскупаў Беларусі і шматлікіх святароў. 26 красавіка кардынал Казімір узначаліць урачыстую цэлебрацыю святой Імшы ў мінскім архікатэдральным касцёле ў 11.30 і 13.00.
Казімір Свёнтэк скончыў Вышэйшую духоўнаю семінарыю ў Пінску і 8 красавіка 1939 г. у тамтэйшай катэдры прыняў святарскае пасвячэнне. Пазней працаваў у в. Пружаны (Брэсцкая вобл.).
У выніку пераследу рэлігіі прайшоў праз арышт і асуджэнне на смерць, два месяцы знаходзіўся ў камеры смертнікаў. На шчасце, прысуд не быў выкананы, бо ў 1941 г. распачалася вайна. Аднак у 1944 г. малады святар зноў быў арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў лагераў, дзе цяжка працаваў спачатку ў Сібіры, а потым за Палярным кругам у Інце каля Варкуты.
У 1945 г. ксёндз Казімір Свёнтэк вярнуўся ў Пінск. Дзякуючы яго самаадданай і ахвярнай працы была адбудавана пінская катэдра.
У 1991 г. кс. Казімір Свёнтэк быў прызначаны першым Мітрапалітам новастворанай Мінска-Магілёўскай Мітраполіі і Апостальскім адміністратарам Пінскай дыяцэзіі. У 1994 г. Святы Айцец Ян Павел ІІ узвысіў яго да кардынальскай годнасці.
11 лютага 1999 г. кардынал Казімір Свёнтэк быў абраны першым старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
27 верасня 2004 г. Святы Айцец Ян Павел ІІ уручыў кардынару Казіміру Свёнтку, арцыбіскупу Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму, спецыяльную ўзнагароду «Fidei testis» (Сведка веры), прысуджаную Інстытутам Паўла VI.
23 верасня 2006 г. Прэзiдэнт Французскай Рэспублiкi Жак Шырак надаў кардыналу Казiмiру Свёнтку званне Камандора нацыянальнага ордэна Ганаровага легiёна (адна з дзвюх найвышэйшых узнагародаў Францыi). Як падкрэслiла Пасольства Францыi ў Рэспублiцы Беларусь, узнагарода гэта была прысуджана чалавеку, якi ў вачах французскiх грамадзян увасабляе сабою гiсторыю беларускага народа апошнiх сямiдзесяцi гадоў.
Цяпер кардынал Казімір Свёнтэк нясе пастырскае служэнне ў Пінскай дыяцэзіі, Апостальскім адміністратарам якой ён з’яўляецца.
У кастрычніку гэтага года кардынал Казімір адзначыць 95-ю гадавіну з дня свайго нараджэння.









All the contents on this site are copyrighted ©.