Біскуп Блін запрашае на 10-ці годдзе Віцебскай дыяцэзыі ( заканчэньне)
— З польскай перспектывы Беларусь успрымаецца як краіна, у якой часта даходзіць да
палітычных напружанняў (…). Як гэта выглядае ў Вашай дыяцэзіі?
— На маю думку,
там, дзе жывуць хрысціяне, не павінна быць канфліктаў, бо мы нарадзіліся з любові
і для любові. Мы павінны прабачыць і ўмець быць цярплівымі. За ўсе гады майго святарскага
і біскупскага служэння я не паспеў набыць сабе ворагаў. Калі дзесьці ёсць мае ворагі,
то гэта ім толькі здаецца, што яны мае ворагі. Я стараюся ў кожным бачыць брата, якога
люблю, за якога малюся. Я жыву на пятым паверсе і кожны дзень выходжу на балкон, благаслаўляю
горад, усіх сясцёр і братоў. Гэта маё заданне як біскупа.
— Зыходзячы з таго,
што Вы сказалі, можна зрабіць выснову, што з уладамі ўсталяваліся вельмі добрыя адносіны...
—
Яны вельмі добрыя, дзякуючы цярплівасці і пакоры. Трэба ўмець папрасіць і дзякаваць.
Перш за ўсё трэба ў кожным бачыць бліжняга. Не так даўно адбыліся выбары, пасля якіх
да нас завіталі прадстаўнікі новай улады і падзякавалі за здзейсненую намі да гэтага
часу працу. Так жа паступілі і тыя, якія пакінулі свае пасады. Я стараюся быць там,
куды мяне запрашаюць, і нават там, дзе мяне не жадаюць бачыць. Я хачу паказаць, што
Касцёл ёсць і што ў Касцёле ёсць біскуп.
— Якое рэха пакінуў сёлетні візіт
Дзяржаўнага сакратара Яго Святасці кардынала Тарчызіо Бэртонэ ў Беларусь? Ці аказаў
ён пазітыўны ўплыў на адносіны дзяржавы і Касцёла?
— Кардынал Бэртонэ быў вельмі
добра прыняты Прэзідэнтам і ўладамі. Усё адбылося на вышэйшым узроўні. Безумоўна,
гэта паспрыяла пацяпленню не толькі ватыканска-беларускіх адносінаў, але таксама адносінаў
Беларусі з іншымі краінамі. Я гэтаму вельмі рады. Польшча і Беларусь павінны як мага
больш выкарыстоўваць узаемаадносіны як у духоўным плане, так і ў матэрыяльным. Чаму
прысутнічае на рынку Беларусі толькі нямецкая, французская або італьянская прадукцыя,
а польскія фірмы, якія маглі б унесці шмат добрага ў гаспадарку Беларусі, адсутнічаюць?
—
Ці ў найбліжэйшы час дойдзе да падпісання канкардату паміж Апостальскай Сталіцай і
Беларуссю? Пра гэта шмат гаварылася падчас візіту кардынала Бэртонэ.
— Я лічу,
што канкардат патрэбны, бо ён установіць партнёрскія адносіны паміж Касцёлам і беларускай
дзяржавай. Ён бы ўрэгуляваў, між іншым, шмат адміністрацыйных спраў, якія датычаць
дыяцэзій, парафій, святароў, а таксама пытанне працы духавенства з-за мяжы.
—
Ваша Эксцэленцыя, ці заўважаеце Вы з боку беларускай улады жаданне падпісаць гэты
дакумент?
— Па тым, як быў прыняты кардынал Бэртонэ, я назіраю жаданне
дзяржавы супрацоўнічаць з Касцёлам. Часам уласнаю абыякавасцю мы хочам апраўдаць немагчымыя
для пераадолення перашкоды, якія часта мы самі сабе выдумваем. У духу любові мы можам
зрабіць усё. Трэба шукаць зручную сітуацыю, каб адкрылася дабро. Заданне Касцёла —
весці чалавека да Нябеснага Валадарства, а не блытацца ў палітычных інтрыгах і экуменічных
спрэчках. Мы павінны ствараць добрае поле для дзейнасці Божай ласкі.
— Ваша
Эксцэленцыя, Вы закранулі тэму экуменічных адносінаў. Вядома, што ў Беларусі дамінуючым
веравызнаннем з’яўляецца праваслаўе. Як выглядаюць адносіны з Правасласлаўнай Царквой?
—
Калі да ўсіх праблемаў падыходзіць з любоўю, то ўсе адносіны будуць выдатнымі. Так
як у сужэнстве, калі мы будзем шукаць толькі недахопы другой асобы, то гэта дакладна
прывядзе да расставання. Аднак жа, калі мы будзем шукаць тое, што нас аб’ядноўвае,
то праблем не будзе, і сувязь будзе станавіцца ўсё больш трывалай. Я заўсёды падкрэсліваю,
што экуменізм у Беларусі існаваў практычна спрадвеку — быў, ёсць і будзе. У нашай
краіне людзі сустракаюцца, паміж імі ўзнікае пачуццё кахання, і ніхто тады не пытаецца:
«Якога ты веравызнання?». Потым у сям’і ў духу любові ўсё добра наладжваецца. Так
павінна быць і ў Касцёле. Нельга нікому зайздросціць, але наадварот — трэба радавацца
поспехам іншых. Не параўноўваць сябе з іншымі, што ў іх больш вернікаў, яны багацейшыя.
Проста сумленна абвяшчаць Евангелле і самому імкнуцца да дасканаласці Хрыста. Часта
мы хочам змяняць іншых, а тут найперш трэба самому змяніцца. Калі мы самі не будзем
змяняцца, то ўсе намаганні, зробленыя дзеля паяднання нашых Цэркваў будуць, як кажуць,
кату пад хвост. Я заўсёды падкрэсліваю: «любіць» — гэта значыць, што я жадаю, каб
іншаму чалавеку было добра. Калі я люблю, то прымаю чалавека такім, які ён ёсць. Я
павінен яго прыняць, а не перакройваць пад сваю мерку. Гэта грахі, якія часта нас
абмяжоўваюць у экуменізме.
— Ваша Эксцэленцыя, вядома, што ў Вас вельмі добрыя
адносіны з мясцовым іерархам Праваслаўнай Царквы…
— Мы, можа, і не часта бываем
адзін у аднаго, але гэта таму, што з-за паглынуўшых нас штодзённых абавязкаў у нас
не так шмат часу. Мы заўсёды сустракаемся на ўсіх вялікіх дзяржаўных урачыстасцях.
Апошні раз сустракаліся і размаўлялі на Дажынках, якія святкаваліся на тэрыторыі нашай
дыяцэзіі. На іх, між іншым, былі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч,
праваслаўны Мітрапаліт Філарэт і арцыбіскуп Дзмітрый. Гэтыя сустрэчы маюць вялікае
значэнне. Я думаю, што няма патрэбы праз сілу дэманстраваць нашы добрыя адносіны.
Найлепш іх адлюстроўвае наша штодзённае жыццё.
— Ваша Эксцэленцыя, што Вы хацелі
б пажадаць з нагоды юбілею, які ўжо набліжаецца?
— Я ўсім бы пажадаў трапіць
на неба, і каб я таксама туды трапіў. Усё, што я раблю, я раблю для таго, каб калісьці
трапіць на неба.
— А што канкрэтна, тут і цяпер, Вы сабе жадаеце ў гэтай дарозе
да неба?
— Мне хацелася б у будучым годзе здзейсніць кансэкрацыю катэдры, а
таксама каб яшчэ 4,5 % маіх парафій дасягнулі нармальнага ўзроўню. Тады я спакойна
магу ісці на неба. Акрамя гэтага, безумоўна, я чакаю цудоўнага святкавання нашага
юбілею. У мяне няма шмат сакратароў і сродкаў, каб кожнаму выслаць асабістае запрашэнне,
але я яшчэ раз запрашаю ўсіх на супольнае святкаванне і запэўніваю, што я пра ўсіх
помню і чакаю кожнага з адкрытым сэрцам.