2009-04-03 12:36:26

4-ы гады таму памёр Папа Ян Павал ІІ


2-га красавіка мінула 4-я гадавіна з дня сьмерці Папы рымскага Яна Паўла Другога. З гэтае нагоды ў розных гарадах Польшчы праходзілі прынагодныя ўрачыстасьці.
У Кракаве, дзе Караль Вайтыла пражыў шмат гадоў і быў мітрапалітам, былі ўскладзены кветкі ля помніка пантыфіку. Увечары ля сядзібы кракаўскіх арцыбіскупаў адбыўся канцэрт. А ў 21 гадзіну 37 хвілін – гэта дакладны час сьмерці Яна Паўла Другога – была аб’яўлена хвіліна маўчаньня. Жалобныя мерапрыемствы завершыліся супольным выкананьнем любімай песьні пантыфіка.
Асабісты сакратар Яна Паўла Другога, Кракаўскі мітрапаліт кардынал Станіслаў Дзівіш, узгадваючы постаць пантыфіка, сказаў, што падчас сустрэчы на людзях найбольшае ўражаньне рабіў позірк папы. Паводле арцыбіскупа, людзі па сёньняшні дзень ня могуць забыць сілу позірку Яна Паўла Другога.
Хто зь ім бачыўся й сустрэўся позіркам, ніколі ня мог забыць. Гэта была вялізная псыхалягічная сіла, якая зьмяняла чалавека. Ён быў чалавекам зь вялікай харызмай, чалавекам Божым, празь якіх дзейнічае Госпад Бог.
4-я гадавіна сьмерці Яна Паўла Другога адзначалася таксама й беларускімі католікамі. Паводле Мітрапаліта Менска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Ян Павал Другі зьдзейсьніў вельмі многа для каталіцкага касьцёлу ў Беларусі. Іерарх сказаў, што менавіта ў час пантыфікату Яна Паўла Другога беларускі касьцёл пачаў адбудову сваіх структураў і разьвіцьцё.
 







All the contents on this site are copyrighted ©.