2009-03-30 13:17:38

Біскуп Блін запрашае на 10-годдзе Віцебскай дыяцэзыі


Біскуп Уладзіслаў Блін, ардынарый Віцебскай дыяцэзіі, запрашае на яе 10-гадовы юбілей. Галоўная ўрачыстасць з гэтай нагоды адбудзецца 22 жніўня 2009 г. У размове з Каталіцкім інфармацыйным агенцтвам (Польшча) іерарх паінфармаваў, што ўрачыстасць, цэлебрацыю якой узначаліць кардынал Іаахім Мейснер з Кёльна, адбудзецца ў санктуарыі Маці Божай Каралевы Азёраў у Браславе.

«Не маю шмат сакратароў і сродкаў, каб кожнаму асабіста выслаць запрашэнне, але яшчэ раз запрашаю ўсіх да супольнага святкавання. Хачу вас запэўніць, што памятаю пра вас усіх і кожнага чакаю з адкрытым сэрцам», — сказаў біскуп Блін. Акрамя гэтага падчас размовы былі закрануты пытанні, якія датычацца дыяцэзіі, адносінаў дзяржавы і Касцёла ў Беларусі, а таксама экуменічных адносінаў.

Прапануем вашай увазе поўны тэкст інтэрв’ю біскупа Уладзіслава Бліна для Каталіцкага інфармацыйнага агенцтва (КАІ).

— У наступным годзе Віцебская дыяцэзія будзе святкаваць 10-гадовы юбілей. Як плануеце яго адзначыць?

— Я прыехаў у Варшаву, каб запрасіць палякаў на ўрачыстасць 10-годдзя Віцебскай дыяцэзіі. Будзем дзякаваць Пану Богу за тое, што Ян Павел ІІ утварыў новую дыяцэзію. У яе заходняй частцы захавалася некалькі касцёлаў і было некалькі святароў, аднак ва ўсходняй частцы ад часоў кастрычніцкай рэвалюцыі не было ніводнага касцёла, які дзейнічаў. За гэтыя дзесяць год хочам падзякаваць Богу праз заступніцтва Божай Маці. Дзякуючы стварэнню дыяцэзіі, я, як ардынарый, прызнаў, што касцёл у Браславе, дзе спрадвеку шанавалася Маці Божая, годны тытула санктуарыя. Пасля я папрасіў Папу Бэнэдыкта XVI аб згодзе на каранацыю цудоўнага абраза Найсвяцейшай Панны Марыі.

— Ці ўжо вядома праграма ўрачыстасцяў?

— Урачыстасці адбудуцца 22 жніўня, у дзень дыяцэзіяльнай урачыстасці Маці Божай Каралевы Азёраў. Гэта вельмі добрая дата напрыканцы летніх канікулаў: большасць людзей вяртаецца з адпачынку, дзеці і моладзь рыхтуюцца да навучальнага года. Два гады таму кардынал Іаахім Мейснер запрасіў да сябе на свята Трох каралёў, а ў наступным годзе адбудзецца яго візіт да нас.

— Ці ўжо распачалася падрыхтоўка да ўрачыстасці?

— Падрыхтоўка распачалася 22 жніўня гэтага года, калі было аб’яўлена пра святкаванне юбілею. У Браслаў прыбыў арцыбіскуп Марцін Відавіч, Апостальскі Нунцый у Беларусі. Ён пасвяціў копіі абраза, якія атрымала кожная парафія. Сёння адбываецца перэгрынацыя абраза Маці Божай па сем’ях. Да сваіх дамоў яго прымаюць таксама і праваслаўныя, якія жадаюць атрымаць спецыяльнае благаслаўленне.

— Санктуарый на працягу многіх гадоў з’яўляецца жывым душпастырскім цэнтрам...

— Санктуарыем апякуюцца айцы сальватарыяне, і яны цудоўна з гэтым спраўляюцца. Штогод там адбываюцца рэкалекцыі для святароў і сясцёр законных. У жніўні, напрыканцы адпустовых урачыстасцяў, арганізуецца дыяцэзіяльная сустрэча моладзі, якая ўключае ў сябе катэхезу, музычныя майстэрні і сустрэчы. Гэта ўжо сталася добрай традыцыяй.

— 10-годдзе дыяцэзіі — гэта таксама нагода для падвядзення пэўных вынікаў. Што ўдалося зрабіць, і якія выклікі яшчэ стаяць перад дыяцэзіяй?

— Песіміст кажа, што ўсё дрэнна, а аптыміст — што магло б быць яшчэ горш. Я стараюся заўсёды бачыць усё ў добрых танах, калі аб’ектыўна маем нагоду для радасці. Напачатку было вельмі складана. А сёння ў нас ужо 100 святароў, 137 парафій, 30 семінарыстаў, якія вучацца ў Пінскай міждыяцэзіяльнай семінарыі, а таксама ў Польшчы і Італіі. Найбольшая радасць ад таго, што маладыя святары вяртаюцца ў Беларусь і маюць ахвоту да працы. У дыяцэзіі ўжо няма раёну, дзе не было б ксяндза. Сам Віцебск ужо мае 6 парафій. Заканчваем пабудову катэдральнага касцёла і курыі. Праз 10 гадоў плануем адрэстаўраваць 15 касцёлаў і пабудаваць 15 новых. Шмат залежыць ад запалу і руплівасці вернікаў. Святы Дух жадае дзейнічаць там, дзе мае поле «прызямліцца».

— А як выглядае заахвочванне вернікаў да актыўнага ўдзелу ў жыцці Касцёла?

— Яшчэ няма моцнай традыцыі ўдзелу у нядзельнай святой Імшы (асабліва ва ўсходняй частцы дыяцэзіі). У Віцебску, Полацку, Оршы, Наваполацку шмат гадоў католікі не малі доступу да касцёла. А сёння там, дзе адкрываюцца святыні, адразу прыходзяць і старэйшыя людзі, і моладзь, і дзеці. Гэта сведчыць пра тое, што мы патрэбныя. Шмат вернікаў не маюць столькі грошаў, каб даязджаць да касцёла, і таму мы стараемся ісці туды, дзе патрэбна наша дапамога.

— Ці ўдзельнічаюць католікі ў грамадскім жыцці Беларусі?

— Адным з нашых дасягненняў з’яўляецца тэлеперадача «Шлях да Бога», якая трансліруецца па дзяржаўным тэлебачанні. Раз на месяц на працягу 15 хвілін мы маем магчымасць паказаць жыццё Каталіцкага Касцёла. Акрамя гэтага, кожную нядзелю, на свята Божага Нараджэння і Вялікдзень маем па радыё трансляцыю святой Імшы. Таксама пры Віцебскім універсітэце імя Машэрава існуе экуменічны інстытут, дзякуючы якому студэнты, атрымоўваючы дыплом дзяржаўнага ўзору, маюць права выкладаць рэлігіязнаўства ў школе. Арганізуем міжнародныя канферэнцыі. Апошнія былі прысвечаны этыцы ў медыцыне, а таксама хрысціянскім традыцыям у беларускай культуры. У межах тыдня хрысціянскай культуры запрашаем тэатры, музычныя групы, хоры з замежжа. З дапамогай арганізацыі «Caritas» бываем у дзіцячых дамах і турмах, дапамагаем пажылым людзям. Адкрываем капліцы ў турмах і бальніцах, клапоцімся пра бяздомных людзей.








All the contents on this site are copyrighted ©.