2009-03-24 13:47:49

Музыка Баха ў магілёўскім Касьцёле


Сёньня ў Магілёве распачынаецца V фэстываль музыкі Ёгана Себасьцьяна Баха.
У межах сёлетняга фэстывалю, які арганізуе Магілёўская гарадзкая капэла, адбудуцца тры канцэрты. Увечары ў касьцёле сьвятога Станіслава музычны форум адкрые канцэрт арганнай музыкі. У выкананьні салісткі канцэртнай залі Сафійскага сабору ў Полацку Ксеніі Пагарэлай прагучаць харальныя прэлюдыі, у тым ліку знакамітая Таката й фуга рэ-мінор.
Наступны канцэрт адбудзецца 27 сакавіка ў Мастацкім музэі імя Паўла Масьленікава. Новую праграму з твораў Ёгана Себасьцьяна Баха прэзэнтуе гарадзкая капэла. Магілёўцы пачуюць трэцюю сюіту для аркестру, першы Брандэнбурскі канцэрт і кантату для хору, салістаў ды аркестру “Магніфікат”.
Завершыцца фэстываль 31 сакавіка на сцэне Драматычнага тэатру канцэртам Дзяржаўнага камэрнага аркестру пад кіраўніцтвам Пятра Вандзілоўскага. У праграме – трэці й чацьверты Брандэнбурскія канцэрты, другая сюіта для аркестру, а таксама канцэрт для дзьвюх скрыпак і аркестру рэ-мінор.
Арганізатары фэстывалю імкнуцца падкрэсьліць разнастайнасьць твораў выбітнага кампазытара. У гэтыя дні ў Магілёве будзе гучаць арганная, аркестравая ды вакальна-інструмэнтальная музыка Баха.








All the contents on this site are copyrighted ©.