2009-03-03 12:43:23

"Місія Усходніх Каталіцкіх Цэркваў"- Міжнародны Сімпозіўм у Гамінгу


Міжнародны Сімпозіум на тэму: “Місія Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў у жыцьці Паўсюднай Царквы ды ў сучасным сьвеце” адбудзецца 4-6 сакавіка 2009 г. у аўстрыйскім горадзе Гамінг.


Сімпозіум арганізаваны пад сумесным патранатам Архібіскупа Вены кардынала Хрыстафора Шэнборна ды Першаярарха Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Вярхоўнага Архібіскупа Кіеўска-Галіцкага Любаміра (Гузара) і будзе праходзіць у Міжнародным Інстытуце вывучэньня сужэнства і сям’і (ІТІ) у Гамінгу.


Да ўдзелу запрошаныя асабліва ярархі Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў, найперш з Эўропы, ды прафесары і студэнты, якія займаюцца праблематыкай Усходніх Цэркваў


Сімпозіум пачынаецца ў сераду 4 сакавіка 2009 г. Літургіяй раней асьвячаных Дароў (якая паводле візантыйскай традыцыі служыцца ў час Вялікага Посту).


Сярод выкладчыкаў знаходзяцца між іншымі прыяцелі БГКЦ – а. праф. Эрнст Крыстаф Зутнер (з Вены), а. праф. Кірыл Васіль, S.J. (Рэктар Папскага Ўсходняга Інстытуту ў Рыме), праф. Алег Турый (УКУ, Львоў).


У склад дэлегацыі Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы ўваходзяць Апостальскі Візітатар Архім. Сяргей (Гаек), канцлер курыі Апостальскага Візітатара ў Менску протапрэзьбітар Андрэй Абламейка і студэнт Тэалагічнага факультэта Каталіцкага Ўніверсітэту ў Айштэце (Eichstaett) у Нямеччыне Аляксандр Аўдзеюк.


У пятніцу, 6 сакавіка 2009 г., Архімандрыт Сяргей прыме ўдзел у так званай Агульнай дыскусіі біскупаў, на якой выступіць са словам пра некаторыя асьпекты місіі БГКЦ.








All the contents on this site are copyrighted ©.