Толькі кожная 15-я кніга ў Беларусі выдаецца па-беларуску
Беларускія выдавецтвы за 2008 выпусьцілі столькі кніг, што калі скласьці іх наклады
ды падзяліць на колькасьць беларусаў, на аднаго чалавека выйдзе амаль 6 кніг.
Але толькі кожная 15‑я кніга ў Беларусі выдаецца на беларускай мове. Гэта мімаходзь
адзначыў учора на прэсавай канфэрэнцыі намесьнік міністра інфармацыі Ігар Лапцёнак.
Спадар Лапцёнак паведаміў, што за 2008 год у краіне выйшла ў сьвет 13 290 найменьняў
кніг, зь іх па‑беларуску — 879, а гэта — прыкладна толькі кожная 15‑я. Наклад беларускамоўных
кніг у 2008 годзе склаў разам 3 мільёны 50 тысяч асобнікаў, ці 5,5% ад агульнага накладу
выдадзеных кніг. Гэта значыцца, што калі раптам усе грамадзяне Беларусі захочуць разам
набыць па беларускай кніжцы, хопіць толькі кожнаму трэцяму. Намесьнік міністра
адзначыў, што ў параўнаньні зь 2007 годам колькасьць беларускамоўнай літаратуры скарацілася
на 7 адсоткаў. Лапцёнак лічыць, што прычына гэтага — попыт. Бо выдавецтвы друкуюць
тое, што купляецца. А купляюцца, паводле чыноўніка, даведнікі, слоўнікі, дапаможнікі
ды энцыкляпэдыі. Апроч колькасьці найменьняў кніг, Ігар Лапцёнак агучыў лічбы
й па накладах. У 90‑х гадах сярэдні наклад выдадзенай у Беларусі кнігі складаў 10‑15
тысяч асобнікаў, сёньня — крыху болей за 4 тысячы.