Турын працягвае падрыхтоўкі да візіту Папы Бенедыкта 16, які наведае горад і паклоніцца
выстаўлянай ад 10 красавіка 2010 году Турынскай Плашчаніцы.
Арцыбіскуп Турынскі кардынал Северыно Палетто паведаміў, што тэмаю 2010 пастырскага
года, у якім будзе выстаўлена Турынская Плашчаніца, стане «Passio Christi, Passio
Hominis» — чалавечыя пакуты ў суадносінах з пакутамі Хрыста. Кажучы пра крытычныя
аспекты душпастырскай працы ў Турынскай дыяцэзіі, кардынал адзначыў такія, як распад
сем’яў, дэзарыентацыя моладзі, крызіс святарскіх і законных пакліканняў. Герарх падкрэсліў,
што менавіта асоба Хрыста павінна быць у цэнтры жыцця кожнага чалавека, які шукае
праўду, дабрабыт, шчасце, любоў і імкнецца да шчаснага жыцця, якое варта пражыць. Турынская
плашчаніца — пахавальнае льняное палатно памерам у чатыры метры, у якое, як мяркуюць
многія святаслужыцелі і навукоўцы, пасля катавання і смерці на крыжы было загорнута
цела Езуса Хрыста. Ад 1578 г. гэтая рэліквія захоўваецца ў катэдральным касцёле святога
Яна Хрысціцеля ў Турыне. Пасля смерці апошняга караля Італіі Умбэрто ІІ (1904–1983
гг.), згодна з яго тэстамэнтам, каралеўская сям'я перадала Плашчаніцу ва ўласнасць
Апостальскай Сталіцы. Папа Ян Павел ІІ даручыў , як сам азначыў, гэтую «...красамоўную
і ашаламляльную выяву невымоўнага болю» - да захавання Турынскай дыяцэзіі.