2009-02-09 13:49:44

Пасланьне Бэнэдыкта 16 на 95-ы Сусьветны Дзень Мігрантаў і Бежанцаў ( заканчэньне)


Чытаючы Дзеі Апосталаў а таксама Пасланні, якія Павел скіроўвае розным адрасатам, мы бачым у іх Касцёл не як нейкую эксклюзіўную ўстанову, а адкрыты для ўсіх, што складаецца з вернікаў, паміж якімі няма ніякіх адрозненняў, звязаных з культураю і нацыянальнасцю, таму што кожны ахрышчаны з’яўляецца жывым членам адзінага Цела Хрыста. У гэтым сэнсе асаблівае значэнне набывае братняя салідарнасць, якая праяўляецца ў штодзённых жэстах дзялення, супрацоўніцтва і радаснага клопату пра іншых. Аднак святы Павел заўжды навучае, што немагчыма дасягнуць такога ўзроўню ўзаемнага братэрскага прымання без гатоўнасці слухаць і прымаць Слова, якое абвяшчаецца і рэалізуецца ў жыцці (пар. 1 Тэс 1, 6); Слова, якое ўсіх заклікае наследаваць Хрыста (пар. Эф 5, 1–2) у наследаванні самога Апостала (пар. 1 Кар 11, 1). Менавіта таму чым больш супольнасць з’яднаная з Хрыстом, тым больш у ёй клапоцяцца пра бліжняга, пазбягаюць асуджаць, пагарджаць, даваць дрэнны прыклад, прымаюць адзін аднаго (пар. Рым 14, 1–3; 15, 7). Вернікі, прыпадобніўшыся да Хрыста, адчуваюць сябе ў Ім «братамі», дзецьмі аднаго Айца (Рым 8, 14–16; Га 3, 26; 4, 6). Гэты скарб братэрства робіць іх «дбайнымі пра гасціннасць» (пар. Рым 12, 13), якая з’яўляецца першароднаю дачкою агапэ (пар. 1 Цім 3, 2; 5, 10; Ціт 1, 8; Флм 17).

Такім чынам здзяйсняецца абяцанне Пана: «Я прыму вас і буду вам Айцом, а вы будзеце Маімі сынамі і дочкамі» (пар. 2 Кар 6, 17–18). Калі мы ўсведамляем сабе гэта, дык як жа нам не паклапаціцца пра тых, хто знаходзіцца ў цяжкіх умовах, асабліва пра бежанцаў і выгнаннікаў? Як жа не клапаціцца пра патрэбы людзей сапраўды слабых і безабаронных, якія перажываюць няўпэўненасць і небяспеку, апынуліся на задворках або наогул часта адкінутыя грамадствам? Менавіта ім у першую чаргу належыць прысвяціць увагу, бо, як у славутым паўлавым выказванні: «Бог выбраў неразумнае свету, каб асароміць мудрых (...) і бязроднае свету, і пагарджанае, і тое, чаго няма, выбраў Бог, каб знішчыць існае, каб ніякае цела не выхвалялася перад Богам» (пар. 1 Кар 1, 27–29).

Дарагія браты і сёстры, няхай Сусветны дзень мігрантаў і бежанцаў, які будзе адзначацца 18 студзеня 2009 года, для ўсіх стане стымулам да таго, каб у поўнай меры жыць братняю любоўю, нікога не выключаючы і не дыскрымінуючы, з перакананнем у тым, што наш бліжні — гэта кожны чалавек, каму мы патрэбныя і можам дапамагчы (пар. Deus caritas est, 15). Няхай вучэнне і прыклад святога Паўла, вялікага і пакорнага Апостала і вандроўніка, евангелізатара народаў і культураў, дапаможа нам зразумець, што здзяйсненне ўчынкаў любові — гэта гонар і сэнс усяго хрысціянскага жыцця. Нам добра вядома, што запаведзь любові жывіцца тады, калі сабраныя разам вучні Хрыста ўдзельнічаюць у Эўхарыстыі, якая з’яўляецца перадусім сакрамэнтам братэрства і любові. І падобна да таго, як Езус у Вячэрніку з’яднаў з дарам Эўхарыстыі новую запаведзь братняй любові, гэтак жа Ягоныя «сябры», наследуючы Хрыста, які стаў «слугою» чалавецтва, умацаваныя Ягонаю ласкаю, павінны з адданасцю служыць адно аднаму, клапоцячыся адны пра другіх у адпаведнасці з наказам святога Паўла: «Насіце цяжары адзін аднаго і такім чынам выканаеце закон Хрыстовы» (пар. Гал 6, 2). Толькі так умацоўваецца любоў паміж вернікамі і да ўсіх людзей (пар. 1 Тэс 3, 12).

Дарагія браты і сёстры, будзем жа нястомна абвяшчаць гэтую «Добрую Навіну» і сведчыць пра яе з энтузіязмам, не палохаючыся і не шкадуючы сілаў! У любові заключаецца паўната евангельскага паслання, а сапраўдныя вучні Хрыста пазнаюцца па ўзаемнай любові і па іхняй адкрытасці для ўсіх. Няхай мы атрымаем гэты дар праз апостала Паўла, а асабліва праз Марыю — Маці, якая прымае і любіць. Просячы Бога аб апецы над усімі, хто прысвячае сябе справе дапамогі мігрантам, а больш шырока — над усім вялікім светам міграцыі, я запэўніваю кожнага ў пастаяннай малітоўнай памяці і ўсім з любоўю ўдзяляю Апостальскае благаслаўленне.



Кастэль Гандольфо, 24 жніўня 2008 г.

Папа Бэнэдыкт XVI








All the contents on this site are copyrighted ©.