2009-02-07 10:50:50

Ватыкан: ад Папяльцовай серады, якая сёлета прыпадае на 25 лютага, пачынаецца перыяд Посту. Аддзел цырымоній падаў да ведама праграмы служэння Папы Бенедыкта 16 на наступныя 3 месяцы.


Так, на пачатак Вялікага посту Папа аслужыць урачыстую святую Імшу па традыцыі на рымскім узгорку Авенціна ў базіліцы святой Сабіны. Тут Свяцейшы Айцец пасыпле галовы вернікаў попелам і надасць народу апостальскае блаславенства.
А яшчэ перад тым, 21 лютага адбудзецца Кансістар, на якім будуць абмеркаваныя пытанні кананізацыі блаславёных для паднясення да алтару святасці. Чакаецца, што папа зацвердзіць кананізацыю францужанкі Жанны Юган (канец 18-пач.19 ст.)- заснавальніцы Кангрэгацыі малых бедных сясцёр; польскага арцыбіскупа Жыгмунта Фяліньскага з 19 ст., італьянскага святара Арханжэла Тадзіні (канец 19-пачю20 ст.), італьянкі Кацярыны Вальпічэлі (19 ст.), іспанцаў - дамініканца Франческа Колля-і-Кітарта і трапіста Рафаэля Барона ( пачатак 20 ст.)
У першую нядзелю Посту, 1 сакавіка, для рымскай Курыі распачнуцца духоўныя практыкаванні - рэкалекцыі на тыдзень часу. Адкрыццё адбудзецца надвячоркам ў капліцы Маці Адкупіцеля ў Апостальскім палацы. У перыядзе кварэзімы(посту) Папа наведае 17 - 23 сакавіка Афрыку - спачатку Камерун, а поытм Анголу. Па звароце ў Рым адслужыць святую Імшу і пагутарыць з вернікамі рымскай зоны Мальяна - парафія касцёла твару Езуса.
2 красавіка, у дзень смерці папы Яна паўла 2, надвячоркам адслужыць Заўпакойную імшу на памяць аб сваім папярэдніку, сябру і паплечніку. Запрошана моладзь Рымскай дыяцэзіі і польскіх парафій, бо Ян Павел 2 запачаткаваў Дні моладзі і на яе ўскладаў надзею свету.
На Пальмавую нядзелю (Вербніцу), што прыпадае на 5 красавіка, раніцой адбудзецца традыцыйная працэсія на плошчы святога Пятра ў Рыме з удзелам моладзі. Папа пасвяціць пальмавыя галінкі, а надвячоркам адслужыць святую Імшу ў базіліцы святога Пятра.
У Вялікі (Прачысты) чацвер , 9-га, Бенедыкт 16 адслужыць у Ватыканскай базіліцы над магілаю апостала Пятра Утраню асвячання алеяў. Надвячоркам, па традыцыі ў базіліцы святога Яна на Латаране, дзе захоўваюцца ў крыштальным саркафагу галовы Пятра і Паўла ды мошчы іншых апосталаў і эвангелістаў, Папа адслужыць Імшу на ўспамін Тайнай Вячэры. Эўхарыстыя, закладзеная Госпадам Езусам, азначыць пачатак Пасхальнага Трыдыўма (Вялікоднага трыдэнства). У Вялікую пятніцу, 10-га надвячоркам у базіліцы св. Пятра Папа ўзначаліць Літургію Пакут (Страсцей) Гасподніх . А позна вечарам (пасля 21 гадзіны) пройдзе Крыжовым шляхам на Калізеі - месцы мучаніцкай публічнай смерці многіх першахрысціянаў.
У Пакутную суботу, 11-га вечарам у базіліцы св. Пятра пачнецца свята Пасхальнае літургічнае Вячэрні.
У Вялікдзень, 12 красавіка, Папа Бенедыкт 16 адслужыць урачыстую пасхальную Імшу на плошчы св. Пятра ў Рыме а 10 - й раніцы. Апаўдні з лоджыі базілікі святога Пятра Папа надасць пасхальнае блаславенства Urbi et Orbi (гораду Рыму і свету).







All the contents on this site are copyrighted ©.