Бэнэдыкт 16 да законнікаў: Сьвяты Павал настаўнікам і бацькам пасьвячанага жыцьця
Постаць Сьвятога Апостала Паўла як бацькі і настаўніка пасьвячанага жыцьця акрэсьліў
Бэнэдыкт 16 ў часе сустрэчы з законнікамі і законніцамі ў панядзелак 2-га лютага.
Як што-году ў сьвята Ахвяраваньня Гасподняга, калі Касьцёл ушаноўвае дзень пасьвячаных
асоб, яны сустрэліся на Эўхарыстыі ў Базыліцы Сьвятога Пятра. Сьвятую Імшу адслужыў
для іх кардынал Родэ, Прэфэкт Кангрэгацыі да спраў Пасьвячанага Жыцьця і Таварыстваў
Апостальскага Жыцьця. Папа сустрэўся з законнікамі пасьля Сьвятой Імшы. У сваім
казаньні да іх гаварыў аб стылі жыцьця Апостала Народаў, у якім з лёгкасьцю можна
заўважыць ажыцьцяўленьне трох эвангэльскіх парад. Убоства- падкрэсьліў Сьвяцейшы
Айцец- запэўнівала Апосталу Паўлу поўную бескарысьлівасьць ў абвяшчаньні Эвангэльля
і выказвала канкрэтную салідарнасьць адносна патрабуючых. Чыстата дазволіла яму служыць
з большаю адданасьцю і свабодаю, а пры гэтым быць выразным пунктам аднясеньня ў сьвеце,
ў якім хрысьціянскае паняцьце чыстаты не было яшчэ прынятае. Паслухмянасьць, ў сваю
чаргу, праяўлялася “ са штодзённае турботы пра ўсе Цэрквы”. “Хай Сьвяты Павал дапаможа
вам выконваць вашую апостальскую паслугу ў Касьцёле і з Касьцёлам, у духу адзінства”-
сказаў Папа да законнікаў і законніц, якія прыбылі да Базылікі Сьвятога Пятра з нагоды
дня пасьвячанага жыцьця.