2009-01-31 11:12:11

Рэстаўрацыя "Калоскай Царквы"


Неўзабаве можа пачацца рэстаўрацыя аднаго з найстарэйшых помнікаў беларускай архітэктуры Барысаглебаўскай царквы ў Гародні (XІІ стагодзьдзе), вядомай як Калоская. Гарадзенскія ўлады плянуюць шырокамаштабную рэстаўрацыю храму, але ці вытрымае гара, на якой стаіць будынак, такія працы? Такое пытаньне сабе задаюць многія беларускія спэцыялісты.
Вядома, што ў 1853 годзе ў выніку паводкі на Нёмане адна са сьценаў царквы абвалілася ў раку. Тады й была праведзеная частковая адбудова будынку, новая сьцяна была зроблена з дрэва. Цяпер царква складваецца быццам бы на палову з двух стагодзьдзяў – XІІ і XІX.
Калі ўзьніклі новыя пляны рэстаўрацыі царквы, пачалі змагацца дзьве плыні – паводле якога выгляду рэстаўраваць царкву. Царкоўныя прадстаўнікі хацелі, каб храм быў прыбліжаны да выгляду царквы з XІІ стагодзьдзя. На думку сьвятароў, у такім выпадку царква найбольш адпавядала б царкоўным канонам. Аднак няма ніякіх дакумэнтаў, якія б сьведчылі аб выглядзе храму ў той час. У сваю чаргу ўлады лічаць, што трэба адбудоўваць будынак на момант абвалу сьцяны ў XІX стагодзьдзі, паколькі дакумэнты й чарцяжы аб выглядзе храму ў той пэрыяд захаваліся.
У выніку быў знойдзены кампраміс – праект рэстаўрацыі хоча спалучыць элемэнты з XІІ і XІX стагодзьдзяў.








All the contents on this site are copyrighted ©.