2009-01-30 13:45:52

Папа - да сваіх біскупаў з Расеі аб патрэбе заангажаваньня на ніве царкоўнага адзінства


"Хай вашая прысутнасьць ў Расіі будзе прыпамінаньнем і заахвочаньнем да дыялогу"- сказаў Бэнэдыкт 16 біскупам з Расійскае Фэдэрацыі, якія ў гэтых днях знаходзяцца ў Рыме з візітам “Ад Ліміна”. Папа прыняў кожнага з іх на прыватных аўдыенцыях ў панядзелак 26-а студзеня. 29-га студзеня, ў перадапошні дзень візыту, сустрэўся ў Ватыкане з цэлым Эпіскапатам. Большая частка прамовы Папы да іх была прысьвечана праблеме адзінства. Сьвяцейшы Айцец паясьніў з пачатку каталіцкае паняцьце адзінства мясцовых Цэркваў “cum Petro et sub Petro”- з Пятром і пад яго старшынствам.
RealAudioMP3
-Вы жывеце ў асаблівым царкоўным кантэксьце, а менавіта ў краіне, ў якой большасьць грамадзтва ёсьць намечана ўплывам тысячагадовай праваслаўнай традыцыі з яе багатаю рэлігійнаю і культурнаю спадчынаю- сказаў Папа.- Вельмі важным ёсьць ўсьведамляць сабе справу з патрэбы новага заангажаваньня ў дыялог з нашымі братамі і сёстрамі праваслаўнымі. Мы ведаем, што гэты дыялог міма зьдзейсьненых ужо поступаў, сустракае яшчэ пэўныя цяжкасьці. Хаця ў часе розных сустрэч не заўсёды ўдаецца крануць істотныя пытаньні- працягваў Сьвяцейшы Айцец да біскупаў з Расійскае Фэдэрацыі- то аднак гэтыя сустрэчы прычыняюцца да ўзаемнага пазнаньня, дзякуючы чаму мы можам з сабою супрацоўнічаць на ніве выхаваньня новых пакаленьняў, на якіх нам ўсім вельмі залежыць”.
За пасрэдніцтвам расійскіх біскупаў Бэнэдыкт 16 перадаў таксама пажаданьні новаму Патрыярху Масквы і Ўсяе Русі, запэўніваючы яго ў сваіх малітвах.
У прамове Сьвяцейшы Айцец крануў таксама шэраг душпастырскіх пытаньняў, між іншым, турботу пра сям”ю, якая ў Расіі знаходзіцца ў досыць драматычнай сітуацыі. Праяўляецца гэта таксама ў цяжкім дэмаграфічным крызісе. У гэтым кантэксьце Бэнэдыкт 16 паклікаў католікаў да супрацоўніцтва з тамашнімі ўладамі, якія таксама ёсьць занепакоеныя гэтаю сітуацыяю. Папа паклікаў расійскіх біскупаў, каб не зьнеахвочваліся скупымі сродкамі, якімі распараджаецца іхняя супольнасьць, ані невялікімі пладамі іхняга душпастырскага заангажаваньня. “Разбуджайце хутчэй ў сабе і ў вашых супрацоўніках сапраўдны дух веры з эвангэльскаю сьвядомасьцю, што Ісус Хрыстос не забудзецца абдарыць пладамі вашую паслугу ў часе і ў спосаб, які Ён сам прызнае за адпаведны”- сказаў Сьвяцейшы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.