2009-01-29 13:56:19

Пажаданьні Папы Бэнэдыкта 16 Патрыярху Кірылу


У віншавальнай тэлеграме чытаем запэўненьне Сьвяцейшага Айца аб малітве за новага Патрыярха. Бэнэдыкт 16 просіць Бога шчодрае мудрасьці для кіраўніка Рускае Праваслаўнае Царквы, каб распазнаў Божую волю і служыў з любоў”ю давераным яму вернікам, падтрымліваючы іхнюю вернасьць Эвангэльлю ды вялікім традыцыям расейскага праваслаў”я. Папа жадае Патрыярху Кірылу Божага Блаславенства ў зьбераганьні еднасьці паміж Праваслаўнымі Цэрквамі і ў імкненьні да поўнага адзінства, якое ёсьць мэтаю каталіцка-праваслаўнага супрацоўніцтва і дыялогу. Запэўнівае аб сваёй духоўнай блізкасьці і аб гатоўнасьці католікаў да супрацоўніцтва з расейскім праваслаў”ем з мэтаю даваць што-раз больш выразнае сьведчаньне аб праўдзе хрысьціянскага пасланьня ды аб зьвязаных з імі вартасьцях.
“Мы молімся, каб Патрыярх Рускае Праваслаўнае Царквы надалей адкрыта, адважна, шчыра і клапатліва прамаўляў да сьвету- напісаў у віншавальнай тэлеграме да Патрыярха Кірыла Гэнэральны Сакратар Сусьветнае Рады Цэркваў. Пастар Самгэль Кобія прыпомніў, што дагэтуляшні Мітрапаліт Смаленскі і Калінінградзкі ёсьць добра вядомым ў экумэнічным асяроддзі. Бо ж у 70-х гадах быў пастаянным прадстаўніком Рускае Царквы ў гэтай арганізацыі. Пастар Кобія дацэньвае ягонае заангажаваньне ў дыялог, добрае веданьне сітуацыі, а таксама крытычнае, але канструктыўнае стаўленьне. Мае затым надзею, што новы Патрыярх прычыніцца да набліжэньня ўзаемных адносін паміж падзеленымі Цэрквамі.
Таксама Прэзыдэнт ЗША, Барак Обама пажадаў Кірылу посьпехаў у ажыўліваньні багатае духоўнае традыцыі Рысеі ды заахвоціў да міжрэлігійнага дыялогу, які- як падкрэсьліў Обама- ёсьць найважнейшым для ўсіх шматэтнічных грамадзтваў.
З Ватыкану ў інтранізацыі новага Патрыярха, якая адбудзецца ў нядзелю 1-га лютага ў Маскве, прыйме ўдзел кардынал Вальтэр Каспэр, старшыня Папскае Рады да Спраў Падтрымліваньня Адзінства Хрысьціян.








All the contents on this site are copyrighted ©.