2009-01-28 14:11:42

Мітрапаліт Кірыл - новым Патрыярхам Маскоўскім і Ўсяе Русі.
Папа Бенедыкт 16 яго шчыра віншуе тэлеграмаю


"Малюся, каб Госпад Вам даў поўню мудрасці для распазнавання Ягонае волі, пастаянства і любоў да забавязкаў Патрыярхальнага паслугоўвання ды падмацоўваў ў вернасці на аснове багатай спадчыны праваслаўнае Эвангельскае традыцыі." Папа запэўніў новавыбранага патрыярха Кірыла ў сваёй духоўнай блізкасці.
Шаснаццатым Патрыярхам Маскоўскім і Усяе Русі стаў Мітрапаліт Смаленскі і Калінінградскі Кірыл. Шосты Мясцовы Сабор Рускае Праваслаўнае Царквы выбраў яго ўжо ў першым дні сваіх прац. Мітрапаліта Кірыла падтрымала 508-м з 702-х дэлегатаў.Пасьля таго як ад удзелу ў выбарах на Патрыяршы Пасад адмовіўся Экзарх Беларусі Мітрапаліт Філярэт, дэлегаты Сабору выбіралі паміж двума кандыдатамі- Мітрапалітам Кірылам ды Мітрапалітам Калускім і Бороўскім Клімэнтам.Тайнае галасаваньне закончылася каля гадзіны 18.30 маскоўскага часу ў аўторак 27-га студзеня . Да 22-й гадзіны трывала падлічваньне галасоў.
Такім чынам, новага кіраўніка Рускае Праваслаўнае Царквы было выбрана ўжо ў першым туры.Інтранізацыя новага Патрыярха адбудзецца 1-га лютага ў Царкве Хрыста Збавіцеля ў Маскве. Будзе прысутным на ім запрошаны прадстаўнік Папы Рымскага.
Новы Патрыярх (свецкае імя Ўладзімір Гундзяеў) нарадзіўся ў 1946 годзе ў Ленінградзе ў сям’і святара. Па сканчэнні школы паступіў у Ленінградскую духоўную семінарыю, а потым — Акадэмію, якую скончыў у 1970 годзе. Працаваў выкладчыкам дагматычнага багаслоўя ў ЛДАіС, адначасова — асабісты сакратар мітрапаліта Ленінградскага Нікадзіма.
Ад 1971 па 1974 гады — прадстаўнік Маскоўскага патрыярхату пры Сусветнай Радзе Цэркваў у Жэневе. Ад 1974 па 1984 — рэктар ЛДАіС. Ад снежня 1984 — архіяпіскап Смаленскі і Вяземскі. Ад 1988 — архіяпіскап Смаленскі і Калінінградскі. 25 лютага 1991 году ўзведзены ў сан мітрапаліта.
Мітрапаліт Кірыл публічная асоба. Па згадках у СМІ ён нават апярэджваў Аляксія II. Гундзяеў некалькі разоў сустракаўся з папам Рымскім Бенедыктам XVI. За ім замацаваўся неафіцыйны статус «міністра замежных справаў РПЦ».








All the contents on this site are copyrighted ©.