2009-01-26 12:48:04

Пасланьне Яго Сьвятасьці Бэнэдыкта 16 на Сусьветны дзень міру 1-га студзеня 2009-га году ( заканчэньне)


Нарэшце, для таго, каб надаць прыярытэт бедным, ад галоўных удзельнікаў міжнароднага рынку патрабуецца стварыць прастору, у якой змог бы развівацца належны эканамічны падыход, ад дзяржаўных установаў — належны палітычны падыход, а таксама належны падыход супрацоўніцтва, які надасць большае значэнне грамадзянскай супольнасці на мясцовым і міжнародным узроўнях. Самі міжнародныя структуры сёння прызнаюць каштоўнасць і карысць гаспадарчых ініцыятываў грамадзянскай супольнасці і мясцовых уладаў, скіраваных на абарону і інтэграцыю ў грамадства тых групаў насельніцтва, якія часта знаходзяцца па-за рысаю галечы і якім у той жа час цяжка аказаць афіцыйную дапамогу. Гісторыя гаспадарчага развіцця ХХ стагоддзя вучыць, што добрая палітыка развіцця залежыць ад адказнасці дюдзей і ад супольных намаганняў рынкаў, грамадзянскай супольнасці і дзяржаваў. Асабліва істотную ролю ў кожным працэсе развіцця адыгрывае грамадзянская супольнасць, таму што развіццё — гэта пераважна культурная з’ява, а культура ствараецца і развіваецца ў сферы дзеяння грамадзянаў13.


13. Як сказаў мой вялебны папярэднік Ян Павел ІІ, глабалізацыя «мае вельмі выразны двухзначны характар»14, а таму ёй трэба кіраваць з разважлівай мудрасцю15. Такая мудрасць патрабуе ўлічваць перадусім патрэбы бедных зямлі, пазбаўляючыся ад спакусы няроўнасці, што існуе паміж праблемамі беднасці і сродкамі, якія выкарыстоўваюць людзі для таго, каб ім супрацьстаяць. Гэтая няроўнасць праяўляецца на культурным і палітычным узроўнях, але перадусім — на ўзроўнях маральным і духоўным. Мы часта засяроджваемся на павярхоўных і на тэхнічных прычынах беднасці, не бачачы тых, якія скрытыя ў чалавечых сэрцах, дзе знаходзяцца карані сквапнасці і абмежаванасці. Праблемы развіцця, дапамогі і міжнароднага супрацоўніцтва часам спрабуюць вырашаць выключна як тэхнічныя праблемы, без належнага ўдзелу асобаў, абмяжоўваючыся пры гэтым стварэннем пэўных структураў, распрацоўкаю тарыфных пагадненняў або ананімнымі асігнаваннямі. Але для барацьбы з беднасцю, наадварот, патрэбныя мужчыны і жанчыны, напоўненыя духам моцнага братэрства, якія здольныя спадарожнічаць людзям, сем’ям і супольнасцям на шляхах сапраўднага чалавечага развіцця.


Заканчэнне


14. У сваёй энцыкліцы Centesimus annus Ян Павел ІІ нагадаў пра неабходнасць пазбавіцца ад «такога менталітэту, што ў бедных людзях і народах бачыць цяжар і надакучлівых прыставалаў, якія прэтэндуюць на тое, каб спажываць створанае іншымі. Бедныя, — пісаў Ян Павел ІІ, — дамагаюцца права ўдзельнічаць у спажыванні матэрыяльных дабротаў і жадаюць, каб іхняя здольнасць да працы была выкарыстана для пабудовы справядлівага і шчаслівага свету для ўсіх»16. У сённяшнім глабалізаваным свеце становіцца ўсё больш відавочным, што мір будуецца толькі тады, калі кожнаму гарантуецца магчымасць дастатковага развіцця, бо рана ці позна ўсім давядзецца расплачвацца за хібы несправядлівых сісітэмаў. Таму толькі глупства можа падштурхнуць да будаўніцтва залатога дома, навокал якога распасціраецца пустыня або спусташэнне. Сама па сабе глабалізацыя не ў стане пабудаваць мір, а ў многіх выпадках нават з’яўляецца прычынаю падзелаў і канфліктаў. Яна, хутчэй, паказвае неабходнасць імкнення да мэты, якою з’яўляецца глыбокая салідарнасць, скіраваная на дабро кожнага паасобку і ўсіх разам. У гэтым сэнсе глабалізацыя павінна разглядацца як добрая нагода для дасягнення чагосьці важнага ў барацьбе з беднасцю і для прызначэння на справу справядлівасці і міру рэсурсаў, пра якія дагэтуль немагчыма было і падумаць.


15. Становішча бедных заўсёды прыцягвала ўвагу сацыяльнага вучэння Касцёла. У эпоху энцыклікі Rerum novarum гэта былі перадусім рабочыя новага індустрыйнага грамадства. Сацыяльнае вучэнне Пія ХІ, Пія ХІІ, Яна ХХІІІ, Паўла VІ і Яна Паўла ІІ выкрывала новыя катэгорыі беднасці па меры таго, як гарызонт сацыяльных праблемаў пашыраўся ажно да таго, што дасягнуў сусветных маштабаў17. Гэтае пашырэнне сацыяльных праблемаў да глабальных памераў неабходна ўлічваць не толькі ў аспекце колькаснага павелічэння, але таксама ў якасным вымярэнні, што закранае жыццё чалавека і патрэбы ўсёй чалавечай сям’і. Таму Касцёл, уважліва назіраючы за сучаснаю з’яваю глабалізацыі і яе ўплывам на розныя катэгорыі чалавечай беднасці, паказвае новыя аспекты сацыяльных праблемаў не толькі адносна іх памеру, але таксама іх глыбіні, бо яны датычацца тоеснасці чалавека і яго сувязі з Богам. Гэта — прынцыпы сацыяльнага вучэння, мэта якіх — у выяўленні сувязі паміж беднасцю і глабалізацыяй і наданне дзейнасці такога кірунку, каб яна служыла справе будаўніцтва міру. Сярод гэтых прынцыпаў асабліва належыць згадаць «першарадную любоў да бедных»18 у святле першынства caritas — міласэрнай любові, сведчаннем якой з’яўляецца ўся хрысціянская традыцыя, пачынаючы з першых стагоддзяў існавання Касцёла (Дз 4, 32–36; 1 Кар 16, 1; 2 Кар 8–9; Га 2, 10).


«Няхай кожны выконвае сваю ролю і не марудзіць з гэтым», — напісаў у 1891 годзе Леў ХІІІ і дадаў: «А што датычыцца Касцёла, дык ён ніколі і ні ў якім выпадку не спыніць сваёй справы»19. Усведамленне гэтага таксама і сёння спадарожнічае дзейнасці Касцёла на карысць бедным, у якіх ён бачыць Хрыста20, няспынна чуючы ў сэрцы наказ, які Князь Міру скіраваў да сваіх апосталаў «Vos date illis manducare — вы дайце ім есці» (Лк 9, 13). Верная гэтаму закліку свайго Пана, хрысціянская супольнасць будзе няспынна дапамагаць чалавечай сям’і ў рэалізацыі ініцыятываў творчай салідарнасці не толькі для таго, каб дзяліцца лішкамі, але перадусім для таго, каб змяніць «стылі жыцця, схемы вытворчасці і спажывання, усталяваныя структуры ўлады, на якія сёння абапіраюцца грамадствы»21. Сёння, на пачатку новага года, я жадаю скіраваць кожнаму вучню Хрыста і ўсім людзям добрай волі палымяны заклік адкрыць свае сэрцы на патрэбы бедных і рабіць усё, што толькі магчыма, каб ім дапамагчы. Бо сапраўды немагчыма аспрэчыць сцвярджэнне, што «змаганне з беднасцю — гэта будаўніцтва міру».












All the contents on this site are copyrighted ©.