2009-01-20 13:34:38

У Інтэрнэце зьявіцца тэлерадыёканал Апостальскай Сталіцы


Апостальская Сталіца адкрывае ў Інтэрнэце свой тэлерадыёканал. Трансляцыя на ім распачнецца ўжо праз тыдзень пры падтрымцы вядомай кампаніі Google. На гэтым тыдні ў пятніцу пра дэталі праекта паінфармуе падчас прэс-канферэнцыі старшыня Папскай рады па сродках масавай камунікацыі арцыбіскуп Клаўдыё Марыя Чэллі і дырэктар сумесных медыяпраектаў з Google Энрыке дэ Кастро.
З крыніцаў Апостальскай Сталіцы стала вядома, што праз Інтэрнэт будуць транслявацца аўдыя- і выдэазапісы выступленняў Святога Айца Бэнэдыкта XVI, падрыхтаваныя да эфіру Ватыканскім радыё і тэлебачаннем.
Уласны Інтэрнэт-партал быў створаны Ватыканам яшчэ ў 1995 г. Сайт быў запушчаны ў сетку трыма серверамі, якія, відавочна, улічваючы спецыфіку праекта, назвалі імёнамі арханёлаў: Міхала, Габрыэля і Рафаэля.
Ватыканскае радыё і друкаванае выданне Апостальскай Сталіцы газета L'Osservatore Romano таксама маюць уласныя Інтэрнэт-сайты.










All the contents on this site are copyrighted ©.