2009-01-17 11:02:01

Тыдзень малітваў за адзінства хрысьціян


Распачнецца ён ў нядзелю 18 студзеня 2009 г. і будзе праходзіць пад дэвізам «І будуць адно ў руцэ Тваёй” (Эзэкэіл 37,19). Гэты дэвіз, а таксама іншыя дапаможныя матэрыялы былі прапанаваны экуменічнай хрысціянскай супольнасцю з Карэі. Тэкст Святога Пісання, узяты з Кнігі прарока Эзэхіэля, таксама выбраны невыпадкова і звязаны з падзелам карэйскага народа на дзве дзяржавы — Карэю Паўночную і Паўднёвую. Для Эзэхіэля падзел народа быў вынікам граху і аддалення чалавека ад Бога.

Кожны дзень экуменічнай актавы будзе прысвечаны пэўнай тэме. Будуць уздымацца такія актуальныя пытанні, як адносіны хрысціянаў перад абліччам старых і новых падзелаў, вайны і насілля, эканамічнай несправядлівасці і беднасці, экалагічнага крызісу, а таксама дыскрымінацыі і сацыяльных забабонаў, хваробы і цярпення, рэлігійнага плюралізму. Тэма апошняга дня экуменічнага тыдня гаворыць пра надзею, якую хрысціяне павінны абвяшчаць у падзеленым свеце.

Апекуном Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў з’яўляецца святы Апостал Павел, і не толькі сёлета, у Год Апостала Народаў. Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў пачалі адзначаць у 1908 г. Ён заўсёды пачынаецца з дня, на які некалі прыпадаў успамін святога Апостала Пятра (18 студзеня), і завяршаецца святам навяртання святога Апостала Паўла (25 студзеня).
Сёлета, як і ў мінулым годзе, 24 студзеня — напярэдадні заканчэння Тыдня малітвы за адзінства хрысціянаў — у мінскім архікатэдральным касцёле адбудзецца экуменічная малітва. Распачнецца яна ў 18.30 цэлебрацыяй святой Імшы, якую ўзначаліць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Пасля Эўхарыстыі адбудзецца экуменічная сустрэча, на якую запрошаны прадстаўнікі Грэка-каталіцкай, Праваслаўнай, Лютэранскай Цэркваў і іншых хрысціянскіх канфесій. Падчас сустрэчы Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч выступіць з прамовай на тэму развіцця міжхрысціянскага дыялогу. Удзельнікі экуменічнай малітвы разам прачытаюць малітву «Ойча наш...» і вызнанне веры, змешчанае ў Святым Пісанні.








All the contents on this site are copyrighted ©.